У Беларусі на 29 траўня зарэгістраваныя 40 764 (+906) чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Ачунялі і выпісаныя 17 390 (+730) пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Памерлі 224 (+5) пацыента з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Усяго праведзена 512 418 тэстаў.
У свеце памерлі 360 332 чалавек
Паводле звестак універсітэту Джонса Хопкінса 29 траўня ў свеце пацверджаны 5 810 331 выпадак каронавіруснай інфекцыі. Агулам каронавірус выяўлены ў 188 краінах і тэрыторыях.
Памерлі ад яго 360 332 чалавекі, у тым ліку ў ЗША — 101 617, Вялікай Брытаніі - 37 919, Італіі - 33 142.
Беларусь падоўжыла забарону на вываз медычных тавараў да 1 ліпеня
Адпаведную пастанову Савету Міністраў ад 28 траўня № 319 афіцыйна апублікаваў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Раней забарона дзейнічала да 1 чэрвеня, цяпер яе працягнулі на месяц.
Выключэннем з’яўляюцца тавары, вываз якіх дазволіла Міністэрства аховы здароўя з указаннем звестак аб наменклатуры, колькасці, кошту такіх тавараў, а таксама аб арганізацыі, якая іх вывозіць.
У такім разе дазволены вываз медычных масак, халатаў, камплектаў ахоўнага адзення для лекараў, апаратуры для кіслароднай тэрапіі ды штучнага дыхання (акрамя апаратуры, якую ўжываюць выключна для азонавай або аэразольнай тэрапіі).