Прасоўваць культуру піцця піва, рыхтаваць закускі на грылі і ў фрыцюры і трансляваць футбольныя матчы будуць у гродзенскім Marshal Pub. Установа адкрылася 22 траўня і працуе да апошняга кліента. Такіх устаноў у Гродне няшмат.
Marshal Pub – пілотны праект Вольгі і Дзмітрыя Маршалак і іх сяброўкі Наталлі. У пабе будзе вялікі выбар гатункаў піва, у тым ліку крафтавых. Установа супрацоўнічае з брэндам Heineken і кампаніяй «Бабруйскі бровар».
Крафтавыя гатункі прадстаўлены брэндам “Волковская пивоварня” бутэлькамі па 420 мл і коштам у 4-4,5 рублёў. Можна выпіць разліванае піва ад 2,5 рублёў і вышэй, распавядае бармэн Павел Кісялевіч. У тым ліку – безалкагольнае.

Барная карта складаецца з 30-40 найменняў моцных напояў: віскі, ром, гарэлка. Ёсць невялікі выбар він – шэсць відаў. Краіна паходжання – Чылі і Францыя. Кактэйльнай карты пакуль няма. З’явяцца аўтарскія рэцэпты. Напрыклад, “экстрэмальны” кактэйль “Marshal” з моцных напояў для “мужчын, якія змогуць яго вытрымаць”.
Што ёсць да піва?
Меню складаецца з піўных закусак у фрыцюры, на грылі. Таксама ў меню будзе сэт-канструктар па фіксаванай цане. “Тыдзень-два будзем тэставаць меню. Будзем падладжвацца пад кліента”, – распавядае Вольга Маршалак, дырэктарка ўстановы.
Сярэдні чэк – 15 рублёў. Два піва з закускай каштуюць каля 10 рублёў.
Піва з сэтам з каўбасак або стэйкам з салатай абыдуцца ў 20-30 рублёў. У будучыні плануецца дастаўка.
Ва ўстанове працуюць бармэны, кухары і афіцыянты з вопытам работы па 10-15 гадоў. Працаваць паб будзе да апошняга кліента. “Заканадаўства не дазваляе нам трымаць дзверы адкрытымі пасля 2.00, але выганяць з паба мы нікога не будзем!” – запэўнівае дырэктарка.
“Прачуць смак піва і смачна паесці”
– Мы аналізавалі рынак у Гродне. Ёсць рэстараны, ёсць кавярні, ёсць гастрfбары. Але не было ўстановы, якая сумяшчала б піва, закускі і атмасферу ўтульнага еўрапейскага піўнога паба. Адкрыць такую ўстанову – шматгадовая мара майго мужа. Плюс мы здзейснілі мару многіх нашых сяброў, – кажа Вольга.
Marshal Pub размясціўся ў ГЦ “Kazzarma Mall”. Уладальнікі першапачаткова выбіралі лакацыі не ў цэнтры. Для фармату ўстановы трэба знаходзіцца ва ўтульным месцы. Шукалі спальны раён з кантынгентам сярэдняга ўзросту і дастатку сярэдняга плюс. Усё склалася.

У Marshal Pub паспрабуюць аднавіць атмасферу еўрапейскіх піўных пабаў, куды людзі прыходзяць “прачуць густ піва і смачна паесці”. Тут будзе граць музыка для меламанаў, а на сценах вісяць зробленыя ўладальнікам дэталі. Дызайн паба Маршалкі распрацоўвалі самастойна. Дапамагалі сябры-дызайнеры. Выкарыстоўвалі зялёны, белы, чырвоны колеры, графіт. У пабе захавалі старадаўнія сцены з цэглы, якія засталіся ад казармы.
У пабе будуць трансляваць футбольныя матчы, нягледзячы на прыпыненне турніраў па ўсім свеце. “Па-першае, ёсць матчы, якія можна глядзець бясконца. Па-другое, у бліжэйшы час адбудзецца Ліга чэмпіёнаў, хай і ў іншым фармаце”, – кажа Вольга.
У бары будзе каля 60 пасадачных месцаў, з іх 30 – на летняй пляцоўцы. У памяшканні ёсць сталы як на два чалавекі, так і на вялікую кампанію, і дзве барныя стойкі.
– У гэтым раёне не было такой установы. Пакуль рабілі рамонт, кожны дзень прыходзіла каля дзесяці чалавек і цікавіліся, калі мы ўжо адкрыемся, – дзеліцца Вольга ў дзень адкрыцця.
У планах – сетка паБеларусі
Колькі сродкаў уклалі ў адкрыццё ўстановы, уладальнікі не раскрываюць, спасылаючыся на камерцыйную тайну. Плануецца акупіць паб на працягу года-двух.
Праўда, рызыкі ў выглядзе каранавіруса тады не закладвалі. Уплыў пандэміі на бізнес складана прадбачыць. Магчыма, цяпер жыхары найбліжэйшых спальных раёнаў ахвотней выйдуць ва ўстанову побач з домам, чым паедуць у цэнтр, мяркуюць уладальнікі.
– Усе патрабаванні выконваюцца: персанал у масках, стаяць антысептыкі. Можна сесці на летняй пляцоўцы, каб менш кантактаваць, – раіць Вольга.
Зараз уладальнікі новай установы мараць стварыць цэлую сетку ўстаноў пад назвай “Marshal”. Будуць адаптавацца пад лакацыі і пажаданне людзей. «Мара мужа выканана – можна і іншыя фарматы спрабаваць», – кажа Вольга.














