У 10 туры чэмпіянату Беларусі «Нёман» на сваім полі апынуўся мацней за жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» – 3:1.
Нягледзячы на чуткі з наяўнасцю каранавіруса ў гульцоў “Тарпеда”, матч у Гродне федэрацыя не адмяніла. Жодзінцы прыехалі на гульню з «Нёманам» без некалькіх сваіх лідараў. Дублёры ж перанеслі гульню на больш позні тэрмін. Знайшлася і прычына – у некаторых гульцоў з Жодзіна экзамены.
У матчы асноўных каманд госці першымі адкрылі лік. На 10-й хвіліне Юсаў вывеў жодзінцаў наперад. Гродзенцы здолелі зраўнаваць лік толькі перад самым перапынкам. Расадкін пасля перадачы Кадзімяна адправіў мяч галавой у вароты суперніка.
У другім тайме гульня пайшла пад дыктоўку гродзенскай каманды. На 69-й хвіліне Жукоўскі рэалізаваў пенальці за фол супраць Яблонскага. А на 88-й хвіліне Марушыч дабіў “Тарпеда” і зрабіў лік 3:1.
“Нёман” – “Тарпеда-БелАЗ” – 3: 1
Пасля перамогі над “Тарпеда” гродзенская каманда паднялася на 11-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 11 балаў.






