Стаўкі адзінага падатку для ІП і фізічных асоб Гродзенскай вобласці панізілі ў два разы. Адпаведную пастанову афіцыйна апублікавалі 21 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by.
Зніжэнне стаўкі адзінага падатку, з улікам якой ён разлічваецца, распаўсюджваецца на 2-гі і 3-ці кварталы 2020 года. Рашэнне прынята Гродзенскім абласным саветам дэпутатаў 15 траўня на падставе ўказа прэзідэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі» ад 24 красавіка. Яно распаўсюджваецца на падаткі з дзейнасці, ажыццёўленай з 1 красавіка 2020 года.
Такое зніжэнне — упершыню
Адзіны падатак у асноўным плацяць ІП на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, многія ж прадпрымальнікі працуюць паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання з ПДВ або без яго, патлумачыла Hrodna.life бухгалтар.
«Цяпер такая сітуацыя, што гандлю асабліва няма, таму калі нават ідзе хоць нейкая зніжка, ужо нядрэнна», — кажа гродзенка Алена Чумакова, прадпрымальніца. Зараз на ўліку кожная капейка.
Алена працуе паводле адзінага падатку, і 1 траўня ўжо заплаціла на месяц наперад. Аб зніжэнні стаўкі яе падатковы інспектар яшчэ не папярэджвала, таму зараз прыйшлося пераплаціць. Праўда, калі раней было невялікае змяншэнне падатку, з 115 да 100 рублёў, лішнюю аплату пералічылі.
Такога істотнага зніжэння падатку, як цяпер, не было ніколі.
Алена прадае галантарэю і сувеніры ў гандлёвым цэнтры «Вежа» на Дзевятоўцы. Арэнду плацяць, як і да пандэміі - 211 еўра. ІП, якія працуюць у гандлёвым цэнтры, пісалі лісты арэндадаўцу з просьбай аб зніжэнні аплаты, але пакуль адказу не было. «Выручка ўпала капітальна», — кажа Алена.
Чытайце таксама: «Каб так цяжка — ніколі не было». Як выжываюць цяпер іпэшнікі на гродзенскіх рынках
Раней беларускія прадпрымальнікі крытыкавалі меры падтрымкі бізнесу. Кіраўнік Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец адзначаў, што ў пакет антыкрызісных мераў з указа прэзідэнта № 143 ўвайшла вельмі малая частка іх прапаноў. «Так, да 30 верасня усталёўваецца мараторый на павышэнне базавай арэнднай велічыні, а арганізацыі з зацверджанага спісу галін могуць разлічваць на адтэрміноўку па арэнднай плаце да 30 верасня з наступнай растэрміноўкай да канца года. Мы ж прасілі аб адтэрміноўцы да восені з наступнай растэрміноўкай да 1 года. Мы зыходзілі з таго, што попыт, магчыма, толькі пачне падымацца да верасня, але будзе яшчэ далёкі ад поўнага аднаўлення «, — падкрэслівае кіраўнік бізнес-саюза.