У аварыі загінуў рэжысэр Уладзімер Міхайлоўскі. Рэжысэрка Любоў Зямцова ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Яна знаходзіцца ў шпіталі ў Мар'інай Горцы, паведамляе 15 траўня Радыё С**бода.
«Учора ў яе (Любові. — РС) быў дзень народзінаў, яны ўвесь дзень развозілі з 5 ранку дапамогу па шпіталях, — расказала маці Любові Зямцовай Сьвятлана. — Яны несьлі важную місію і здымалі ўсё гэта. Вярталіся ў добрым настроі. 18.10 я зь імі размаўляла, а ў 19.30 адбылося сутыкненьне. З сустрэчнай паласы ішла на Гомель машына. Валодзя і Максім загінулі».
Сьвятлана Зямцова кажа, што становішча Любові пакуль складанае.
«Аніякіх сьлёз, аніякага смутку, я вельмі прашу! Дапамога можа быць толькі ад сіл сьвятла. Бласлаўляйце яе на сьветлае і доўгае жыцьцё, каб яе другое нараджэньне было магутным і моцным, вельмі вас прашу», — кажа Сьвятлана Зямцова.
Пахаваньне Ўладзімера Міхайлоўскага адбудзецца 16 траўня ў Бабруйску.
Любоў Зямцова — вядомая беларуская дакумэнталістка. Апошнім часам разам з Уладзімерам Міхайлоўскім яны здымалі цыкль пра Беларусь для тэлеканалу «Настоящее время».