У інтэрнаце ГДАУ на вул. Церашковай, 24 апрацавалі паверхі, на якіх жылі заражаныя каранавірусам студэнты. Адміністрацыя пацвердзіла 4 выпадкі інфікавання, студэнты працягваюць свабодна выходзіць з будынка.
“У нас у інтэрнаце яшчэ два заражаных каранавірусам. У дзвюх дзяўчат пацвердзілі. У суботу ўвечары (9 траўня – Hrodna.life) стаяла хуткая. На раніцу ў нядзелю іх забралі. Правялі апрацоўку паверха”, – расказаў Hrodna.life студэнт Факультэта аховы раслін, які жыве ў інтэрнаце. Пра заражаных ён даведаўся ад каменданта інтэрната.
Сам ён рэгулярна бачыць машыны хуткай дапамогі, якія стаяць ля будынка.
12 траўня хуткая таксама прыязджала да аднагрупніка суразмоўцы Hrodna.life – у таго была высокая тэмпература. Напярэдадні ён наведваў заняткі ва ўніверсітэце. Студэнта пакінулі ў інтэрнаце.
У інтэрнат зараз пускаюць толькі тых, хто там жыве, але выпускаюць студэнтаў свабодна, распавялі Hrodna.life.
Што робяць у інтэрнаце?
У інтэрнаце – чатыры заражаныя, паведамілі ў адміністрацыі. Ці вызначылі кантактных першага ўзроўню і што з імі цяпер, у гутарцы з Hrodna.life дзяжурная па інтэрнаце не змагла сказаць, спасылаючыся на працяглыя выхадныя.
– Апрацоўваецца ўсё, санстанцыя прыехала – апрацавала, стаіць антысептык для рук, прыбіральшчыцы апрацоўваюць месцы агульнага карыстання, ручкі мыюць, прыбіраюцца з дадаткам дэзраствору. У пакоі студэнты прыбіраюцца, бялізну мяняюць, – распавяла камендантка пра меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
Немагчыма адсачыць усе бальнічныя супрацоўнікаў і выкладчыкаў, кажуць у адміністрацыі ўніверсітэта. Тым не менш, там паведамілі,
што правялі ўсе мерапрыемствы згодна з рэгламентам дзеянняў пры выяўлення каранавіруснай інфекцыі. Нешта – сіламі інтэрната, нешта – з дапамогай санэпідстанцыі.
Хто трапіў у лік кантактных?
– Кантактныя групы вызначае санэпідэмстанцыя. Да іх прыстаўлены органы ўнутраных спраў, якія могуць з імі перасоўвацца і кантраляваць тых, хто знаходзіцца ці не знаходзіцца на добраахвотнай самаізаляцыі або на каранціне. Да нас можа прыходзіць інфармацыя з адпаведных органаў. Калі нам такая інфармацыя даводзіцца, мы павінны іх (хто знаходзіцца на самаізаляцыі – Hrodna.life) дадаткова кантраляваць. Але вызначае кантактныя групы санэпідэмстанцыя, – паведамілі ў адміністрацыі.
Ні адзін выкладчык не знаходзіцца ў рэанімацыі з COVID-19, абверглі ва ўніверсітэце распаўсюджаную раней інфармацыю.
“Любы хворы знаходзіцца ў кантакце са сваім непасрэдным кіраўніком. Мне не дакладвалі ні пра аднаго чалавека, які б знаходзіўся ў рэанімацыі”, – паведаміў Hrodna.life Іван Дарашкевіч, прарэктар па вучэбнай рабоце.
“Раптам мы заражаныя – навошта мы будзем заражаць бацькоў?”
Інтэрнаты і ГДАУ знаходзяцца кампактна ў адным месцы і займаюць 14 га. Студэнты не перасоўваюцца па горадзе – ад інтэрната да ўніверсітэта трэба прайсці 100 метраў. Жылыя дамы гродзенцаў знаходзяцца ад іх досыць далёка.
– Мы сваіх студэнтаў не адправілі па рэгіёнах разносіць каранавірус. Яны калі і заражаныя, то ўсе тут пад наглядам, – кажа прарэктар.
Паводле яго слоў, студэнты самі адмовіліся ехаць дадому на дыстанцыйнае навучанне. Маўляў, раптам мы заражаныя – навошта мы будзем заражаць бацькоў? У інтэрнаце можна застацца і на час летніх канікул – так было і да каранавіруса, распавялі ў адміністрацыі. Усе, хто хацеў перайсці на індывідуальны графік і з’ехаць дадому, ужо з’ехалі.
Маскі – за свой кошт?
“Сёння (11 траўня – Hrodna.life) нам павесілі аб’яву, дзе гаворыцца, каб усе студэнты сядзелі ў масках на занятках. Выкладчыкі, мабыць, не будуць дапускаць да заняткаў без масак. Зноў жа – выдаткі. Пропуск пары – таксама выдаткі”, – распавёў студэнт Hrodna.life.
Адпрацаваць практычны занятак каштуе 4 рублі, лекцыю – 17.
“Таму я часам прапускаю практычныя заняткі, гэта менш па кашальку б’е”, – кажа адзін са студэнтаў. Маскі студэнты таксама купляюць за свой кошт.
Маскі носяць рэкамендацыйны характар, кажуць у адміністрацыі: “Чалавек мае права выбару. Але, з іншага боку, яму могуць зрабіць заўвагу выкладчыкі або яго аднагрупнікі”. Кажуць, цяпер студэнты самі купляюць маскі з прынтамі або малюнкамі. У пачатку эпідэміі ў Гродне аднаразовыя маскі адміністрацыя раздавала бясплатна.
І цяпер студэнты могуць папрасіць маску ва ўніверсітэце – ім не адмовяць. Таксама ўсім маскі раздадуць пры правядзенні ў ГДАУ рэпетыцыйнага тэставання для абітурыентаў, якое пройдзе ў траўні.
Раней студэнты паведамлялі пра заражанага выкладчыка, які знаходзіцца ў рэанімацыі, і заражанага першакурсніка. Некаторыя пасля адправіліся на самаізаляцыю як кантакты першага ўзроўню. Адміністрацыя не пацвердзіла і не абвергла выпадкі заражэння ва щніверсітэце. Карантыну ў ГДАУ няма, уводзіць дыстанцыйнае навучанне не плануюць.
У лабараторыі ГДАУ будуць тэставаць на каранавірус
У Гродне лабараторыя ДНК-тэхналогій аграрнага ўніверсітэта пачала выконваць тэсты на COVID-19. Яна стала пятай у рэгіёне, якая працуе ў гэтым кірунку. Раней тут праводзіліся даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі, аднак з улікам эпідсітуацыі яе магутнасці задзейнічаюць для дыягностыкі каранавіруса. Сучаснае абсталяванне дазваляе спецыялістам праводзіць да 500 тэстаў у дзень, паведамляе tvr.by.
– Лабараторыя акрэдытаваная ў сістэме стандартаў. Прафесійны персанал. Мы маем дазвол Міністэрства аховы здароўя на працу з патагеннымі мікраарганізмамі. Таму пачынаем да COVID-19 у дапамогу іншым лабараторыям. Кожнае жыццё сёння важнае, – кажа Вольга Епішка, загадчыца лабараторыі ДНК-тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
У лабараторыі ўжо даследавалі першую партыю аналізаў. Біялагічны матэрыял паступае з медустаноў з усёй Гродзенскай вобласці. Вынікі выдаюцца ў той жа дзень.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).



