Лазні і басейны Гродна з красавіка часова памянялі рэжым працы. Скараціўся час наведвання, некаторыя паслугі сталі недаступныя.
«Аквацэнтр» на Горкага з 8 красавіка часова змяніў рэжым працы. Зачынілі аквапарк і кавярню, плаванне даступна з 9:00 да 20:45 штодзень, акрамя нядзелі, у нядзелю — з 10:00 да 20:45. Па змененым раскладзе працуе турэцкая лазня і трэнажорная зала. Раней увесь комплекс працаваў з 7:00 да 22:00 штодзень, у нядзелю — з 10:00 да 22:00.
Часткова змяніла расклад лазня на Болдзіна. З 9 красавіка яна адкрыта з пятніцы па нядзелю (раней працавала яшчэ і ў чацвер). У пятніцу з 11:00 да 22:00, па выхадных — без зменаў. Дзіцячы пакой зачынены.
Комплекс на вуліцы Цітова адкрыты ў пятніцу з 9:00 да 22:00, у выхадныя — з 7:00 да 22:00.
Лазня на вуліцы Хімікаў не працавала з 10 па 30 красавіка, ці адновіць комплекс працу, пакуль невядома.
Рэжым працы басейна на вуліцы Томіна таксама змяніўся. Аздараўленчы цэнтр «Азотсервіс» у траўні працуе з 13:30 да 21:30 кожны дзень, выхадны — панядзелак.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).