На 29 красавіка ў Беларусі пацверджана 13 181 выпадак каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі Беларусі ачунялі і выпісаныя 2072 пацыента, 84 чалавекі памерлі. У Гродзенскім раёне зарэгістраваны 259 чалавек з пацверджаным COVID-19.
За апошнія суткі пацвердзілі 973 новыя выпадкі, гэта найбольшы прырост з пачатку ўспышкі. За суткі памерлі 5 чалавек з пацверджаным каранавірусам, 79 ачунялі.
Паводле звестак Мінздароўя, зарэгістраваныя 13 181 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 складаюць 7,8% ад колькасці праведзеных тэстаў. Усяго праведзена 168 986 тэстаў.
Колькі тых, хто захварэў, у Гродне і Гродзенскім раёне
Сітуацыю па рэгіёнах улады апошні раз агучвалі 24 красавіка. На той момант у Гродзенскай вобласці было зарэгістравана 347 выпадкаў COVID-19, у краіне — 8773 выпадкі. Колькі пацыентаў у Беларусі цяпер знаходзяцца на апаратах ШВЛ, невядома.
На 29 красавіка ў Гродне і Гродзенскім раёне зарэгістраваны 259 чалавек з пацверджаным дыягназам «каранавірус», паведаміў памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч у час прамой лініі, піша sb.by.
Успышка COVID-19 у манастырах
29 красавіка стала вядома, што Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр у цэнтры Гродна зачынілі для наведванняў. Паводле інфармацыі Hrodna.life, захварэць маглі некалькі манашак, магчыма, у выніку кантактаў з манастыром у Жыровічах. З 20 красавіка ў бальніцы знаходзіцца архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, чыя рэзідэнцыя месціцца ў Жыровіцкім манастыры.
Яшчэ да святкавання Вялікадня рэдакцыі t*t.by паведамлялі, што ў Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску ў манашак выяўленыя выпадкі каранавіруса. Усе набажэнствы прайшлі па плане, сёстры манастыра развозілі па ўсім горадзе асвячоныя кулічы вернікам, у тым ліку ў бальніцы. 22 красавіка на сайце манастыра з’явілася пацверджанне, што ў дзвюх сясцёр пацвердзіўся COVID-19. У манастыры ўведзены каранцін.
29 красавіка прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін паведаміў пра смерць 56-гадовага святара Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску Генадзя Буцька. Ён быў у цяжкім стане ў шпіталі, для яго шукалі донара плазмы крыві з анціцеламі да каранавірусу, піша t*t.by.
Манастыр у Малых Лядах, куды Аляксандр Лукашэнка ездзіў на Вялікдзень, таксама зачынены для наведванняў. 28 красавіка ў БПЦ пацвердзілі, што ў манастыры ёсць выпадкі каранавірусу, піша s**boda.org.
У расійскіх праваслаўных цэрквах і манастырах расце колькасць заражаных коронавирусом святароў, біскупаў і мітрапалітаў, ёсць памерлыя. Патрыярх Кірыл выпусціў распараджэнне для Маскоўскай епархіі: у ім гаворыцца, што святары, якія будуць працягваць службы з удзелам вернікаў, могуць паўстаць перад царкоўным судом. Многія святары і вернікі да апошняга супраціўляліся каранціне і закрыцця храмаў, паведамляе meduza.io.