Дзесяць краін-партнёраў Еўрасаюза, якія не ўваходзяць у яго склад, атрымаюць 3 млрд еўра на барацьбу з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавіруса, паведамляецца на афіцыйным сайце Еўракамісіі. Беларусь папросіць крэдыт у Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця тэрмінам на 11 гадоў.
Найбольшую суму выдзеляць Украіне. Колькі атрымаюць партнёры Еўрасаюза:
- Рэспубліка Албанія 180 млн еўра;
- Боснія і Герцагавіна 250 млн еўра;
- Грузія 150 млн еўра;
- Каралеўства Іарданія 200 млн еўра;
- Косава 100 млн еўра;
- Рэспубліка Малдова 100 млн еўра;
- Чарнагорыя 60 млн еўра;
- Рэспубліка Паўночная Македонія 160 млн еўра;
- Рэспубліка Туніс 600 млн еўра;
- Украіна 1,2 мільярда еўра.
«Падтрымка нашых суседзяў вельмі важная ў гэты крызісны час для падтрымання стабільнасці ўсяго рэгіёну. У рамках глабальнага адказу ЕС на пандэмію каранавіруса мы павінны дапамагчы суседнім краінам змякчыць найгоршыя наступствы для эканомікі», — заявіў выканаўчы віцэ-прэзідэнт па эканоміцы ЕС Валдзіс Дамброўскіс.
Камісар па эканоміцы Паола Джэнцілоні заклікаў Еўрапейскі парламент і Савет аператыўна ўзгадніць гэты пакет мер.
Мяркуецца, што грошы будуць выдзелены краінам-партнёрам ЕС у чацвёртым квартале 2020 года-пачатку 2021 года.
Як Беларусь будзе змагацца з каранакрызісам?
90 млн еўра ў якасці пазыкі мае намер прыцягнуць Беларусь у Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця (МБРР) «тэрмінам на 11 гадоў для фінансавання мерапрыемстваў па экстраным рэагаванні на эпідэміялагічную сітуацыю». Пра гэта сказана ў пастанове ўрада, апублікаванай у суботу 25 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, весці перамовы па пагадненні упаўнаважана Міністэрства аховы здароўя з магчымасцю ўнясення ў яго непрынцыповых зменаў.
Раней беларускія ўлады заяўлялі пра падрыхтоўку пакета мераў падтрымкі эканомікі ва ўмовах спаду. Агульная сума сродкаў на першым этапе барацьбы з наступствамі крызісу павінна скласці 110 мільёнаў рублёў.
Чытайце таксама: Лукашенко одобрил первый пакет мер по поддержке экономики и соцсферы
Пра магчымы рост беспрацоўя прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаўся так: «Але трэба ж разумець, што сітуацыя такая. Увесь свет спыніўся, не наша віна. Трэба дзесьці папрацаваць два-тры месяцы і на нялюбай працы, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю» (цытата паводле CTV).