Каранавірус знайшлі на Цэнтральным (Скідзельскім) рынку ў Гродне. Закрыты некалькі прадуктовых магазінаў і кафэ, некаторыя супрацоўнікі рынку ізаляваныя.
Што адбылося на Скідзельскім рынку?
У Гродзенскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Hrodna.life пацвердзілі інфармацыю пра сітуацыю на Скідзельскім рынку.
«Там закрылі некалькі аб’ектаў. Гэта не толькі крамы, але і кафэ, чабурэчная ды піражковая. Там адна жанчына кантактная па каранавірусу, цяпер яны ўсе на самаізаляцыі», — распавядае загадчыца аддзела гігіены Марыя Руфкіна.
Яна назвала эпідсітуацыю на рынку неспрыяльнай: пакупнікам варта паменш туды хадзіць. Паводле яе слоў, Цэнтр гігіены прапануе прыпыніць дзейнасць рынку: не толькі прадуктовай часткі, але ўсіх пляцовак — верхняй і ніжняй. Зараз там скарацілі продаж мяса, рыбы і каўбас.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, спачатку зачынілі закусачную на рынку, там нібыта захварэла адна з супрацоўніц — яна кантактавала з захварэлым на каранавірус. Жанчына родам з Абухава, уся яе сям’я ізаляваная. Пра гэта нам паведаміла крыніца набліжаная да сям'і жанчыны.
Што з дырэктарам?
Паводле інфармацыі Hrodna.life на каранцін сышоў дырэктар Скідзельскага рынку. Гэта, магчыма, звязана з тым, што ён кантактаваў з загадчыцай Грандзіцкага рынку, якая тыдзень таму сышла на каранцін. Там санэпідэмстанцыя закрыла ўнутраную частку рынка з харчовымі кропкамі.
«Ёсць з адміністрацыі Скідзельскага рынку захварэлыя,
вызначаны іх кантакты першага ўзроўню. Усе яны ізаляваныя. Выязджалі супрацоўнікі санэпідэмстанцыі на рынак, сачылі за выкананнем у прадпрымальнікаў санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Ужо праведзена заключная дэзінфекцыя. Рынак працягвае працаваць, зачыненыя толькі некаторыя аб’екты», —
распавяла намеснік галоўнага лекара абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Анжэла Верабей.
Як справы на іншых рынках горада?
На іншых рынках горада не было выяўлена выпадкаў захворвання на каранавирус. Усе рынкі пастаянна на кантролі ў эпідэміёлагаў.