У гродзенскім моладзевым цэнтры «Галактыка» арганізавалі цэлы цэх па пашыве ахоўных масак.
— «Галактыка», на жаль, зачынілася ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Мы вырашылі не губляць час і здалі памяшканне ў арэнду гродзенскай фірме, якая займаецца вытворчасцю масак. З арганізацыяй заключаны дагавор арэнды. Калі я нічога не блытаю, у клубе іх пакуюць, — сказаў «Анлайнеру» дырэктар ДУ «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры» Уладзімір Сацюк. Клуб «Галактыка» належыць Гродзенскаму цэнтру культуры.
У пачатку красавіка Беларусь сутыкнулася з недахопам сродкаў абароны. Маскі, антысептык і нават папацетамол зніклі з аптэк, а калі былі, то на іх значна выраслі цэны. Пашывам масак заняліся многія прадпрыемствы, для якіх гэта не профільная дзейнасць, напрыклад фірма «Макей», якая робіць сувеніры са скуры. Свае магутнасці на пашыў масак перавялі і іншыя рэзідэнты СЭЗ «Гроднаінвест», напрыклад «Контэ Спа».
Некаторыя спрабавалі зарабіць на ажыятажы. Гарадзенец скупіў маскі і дэзінфектара і прадаваў іх з нацэнкай праз інтэрнэт.
З недахопам сродкаў абароны сутыкнуліся і бальніцы, аднак афіцыйна пра гэта не гавораць. Неафіцыйна медыкі паведамляюць пра тое, што маюць патрэбу ў дапамозе.
Чытачы Hrodna.life паведамлялі, што ў сярэднім абыходзілі 6 аптэк (рэкорд — 18), перш чым знаходзілі маскі або антысептык. Некаторыя так іх і не знайшлі.
Улады абяцалі, што маскі з’явяцца ў аптэках на гэтым тыдні.