«Не спакушай Госпада твайго». Праваслаўныя святары расказалі пра змены ў велікодных набажэнствах

Аляксандр Лукашэнка ў сакавіку абяцаў беларусам, што калі «вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — жыць будзем» і эпідэмія каранавіруса міне. Многія не падзяляюць яго аптымізм: пасля Вялікадня, як масавага мерапрыемства, можа быць рэзкі рост захворванняў. У Гродзенскай епархіі з 10 красавіка ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй змянілі правілы правядзення набажэнстваў.

Георгій Рой, настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне, тлумачыць, што ў цяперашняй сітуацыі не пайсці на святочнае набажэнства — гэта ахвяра любові да бліжняга з боку чалавека, які можа быць хворым і кагосьці заразіць.

Протаіерэй Георгій Рой, настаяцель Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне
«Тым, хто можа застацца дома на святы, мы раім застацца дома. Асабліва настойліва — тым, хто адносіцца да так званай групы рызыкі: сталыя людзі, людзі з аслабленым імунітэтам.

Астатнія нашы вернікі, больш малодшая ўзроставая група… Хто можа такую ахвяру зрабіць і застацца дома, то канешне ніхто ні ў якім разе не будзе асуджаць яго. Гэта будзе як ахвяра любові, клопату пра бліжняга».

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій 8 красавіка на grodnoplustv.by звярнуўся да вернікаў з просьбай апранаць маскі і трымаць дыстанцыю ў цэрквах. Сталым людзям і тым, хто адчувае сябе блага, ён параіў не наведваць святочных набажэнстваў.

Наўпроставая трансляцыя з Пакроўскага сабора на Вербную нядзелю і Вялікдзень будзе весціся на «Гродно Плюс» і анлайн на YouTube тэлеканала. Урачыстае набажэнства, прысвечанае святу Уваходу Гасподнему ў Іерусалім (Вербніца), пачнецца 12 красавіка ў 10.00.

Дзяжурныя праціраюць іконы

У гродзенскім кафедральным саборы ўжо былі ўведзены правілы бяспекі: не цалаваць святыні, сачыць за дыстанцыяй. Выкананне кантралююць адмысловыя людзі.

«У нашым саборы ёсць дзяжурныя — людзі, якія назіраюць за парадкам. Яны атрымалі ад святарства службовыя інструкцыі. Мы раім устрымацца ад цалавання святыняў. Каля такіх абразоў стаяць нашы дзяжурныя. У выпадку, калі чалавек усё адно пацалаваў ікону, пырскаюць на яе дэзінфектарамі, якія падрыхтаваныя побач, выціраюць. Калі мы бачым праблемы з дыстанцыяй, дзяжурныя раяць стаць крыху далей адзін ад аднаго. Будзем разглядаць пытанне правядзення службаў на вуліцы, калі дазволіць надвор’е».

Фота: fotobel.by

Ёсць катэгарычна нязгодныя

Па словах айца Георгія, большасць паствы адэкватна ўспрымае сітуацыю і санітарныя нормы, хаця ёсць выключэнні.

— Агулам большасць, калі прыходзяць у царкву, стараюцца рабіць усё тое, што дапаможа захаваць здароўе сваё і блізкіх. Але ёсць і людзі катэгарычна нязгодныя з усім, што адбываецца. Ім падаецца гэта перабольшанай рэакцыяй, яны дэманстратыўна парушаюць устаноўленыя правілы. Зразумела, што выганяць ніхто нікога не будзе, але заўвагу зробяць. Мы тлумачым, што, ужо, напрыклад, у Кіеве царкоўныя людзі спачатку недаацанілі і нават вельмі крытычна паставіліся да ўсіх гэтых нормаў, — і там пайшло распаўсюджванне хваробы.

Пра бяспеку і правілы паводзінаў святары гавораць на пропаведзях, у каментарах у СМІ, у прыходскіх viber-групах.

«Цяпер у храм стала хадзіць значна менш людзей, і выпадковыя людзі практычна не заходзяць. Зараз ужо няма нікога, хто б не ведаў правіл перасцярогі, усе бачаць дэзінфектары, у людзей ёсць здаровая рэакцыя самазахавання», — перакананы Георгій Рой.

Што яшчэ змянілася ў цэрквах

Абапіраючыся на інструкцыюад 17 сакавіка, зацверджаную Сінодам РПЦ, і цыркулярны ліст Патрыяршага Экзарха всея Беларусі мітрапаліта Паўла ад 15 сакавіка 2020 года, Епархіяльны савет у Гродне 10 красавіка вызначыў правілы правядзення святочных набажэнстваў, а таксама меры бяспекі для храмаў Гродзенскай епархіі. Напярэдадні адмысловыя рэкамендацыі прадстаўнікам царквы давала Міністэрства аховы здароўя.

  • На святы Вербнай нядзелі, Вялікай суботы, Вялікадня і Радаўніцы рэкамендавалі прадаваць свечы і прымаць памінальныя запіскі на вольным паветры, вербы і ежу таксама асвячаць у двары храма. Прасфоры і асвячоны хлеб на вячэрні раздаваць у аднаразовых пальчатках, для памазання елеем выкарыстоўваць аднаразовыя ватныя палачкі.
  • Падчас прычасця скасавалі запіванне (або толькі з аднаразовых кубачкаў), цалаванне чашы, выціранне вуснаў. Лжыцу ў час прычашчэння трэба дэзінфікаваць 65−70% спіртавым растворам.
  • У цэрквах трэба захоўваць дыстанцыю паміж людзьмі 1,5−2 метры.
  • Рэкамендавана не цалаваць іконы (замяніць на паклон), крыж пасля літургіі (ускладаць яго на галаву), руку святару. Споведзь будзе агульнай, вернікі могуць загадзя падрыхтаваць спісы, якія будзе чытаць святар.
  • Спыняюцца заняткі ў нядзельных школах, катэхізычныя курсы для дарослых, адмяняюцца паломніцтвы і кірмашы.
  • Хрост можа здзяйсняцца толькі індывідуальна з прамежкавай дэзінфекцыяй купелі.
  • Людзей, якія загінулі ад каранавіруса, належыць адпяваць пры зачыненым веку труны або на могілках.

Вербная нядзеля, 2019 г. Фота pokrovgrodno.org
Святары тлумачаць, што ўсе абмежаванні трэба выконваць, бо ў Святым Пісанні сказана: «Не спакушай Госпада Бога твайго» (Мф. 4:7).

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенец, якога хацелі дэпартаваць з Польшчы з-за сакрэтнага рашэння спецслужбаў, атрымаў польскае грамадзянства

Гродзенец Павел Юшкевіч, які жыве ў Торуні, атрымаў польскае грамадзянства па рашэнні Куяўска-Паморскага ваяводы. Раней…

22 студзеня 2025

Таргетная і імунатэрапія: якія інавацыйныя метады лячэння рака ўжываюць у Гродзенскай вобласці

Штогод у Гродзенскай вобласці выяўляюць больш за 6 тысяч анкалагічных захворванняў. Па стане на 2025…

22 студзеня 2025

Уладальнік гродзенскага стрып-клуба выпусціў кліп на песню пра саюз Беларусі і Расіі

Гродзенскі прадпрымальнік Артур Рымша выпусціў кліп на песню "Дзве сястры" - у ёй мужчына спявае…

22 студзеня 2025

«Лідскае піва» адмовілася ад пінт — усё з-за санкцый

"Лідскае піва" памяняла фармат тары для брэнда KORONET Lager. Прычына ў адсутнасці патрэбнай тары -…

22 студзеня 2025

Гродзенскі рок-гурт 8sonca рыхтуе да выхаду трэці альбом

Гродзенскі рок-гурт 8sonca запісаў трэці музычны альбом. Музыкі прысвяцілі яго каханню і ўнутраным перажыванням. Рэліз…

22 студзеня 2025

Гродзенскаму доміку для катоў патрабуецца мэбля: пакуль клеткі з жывёламі даводзіцца ставіць на падлогу

Валанцёры грамадскай арганізацыі "Адданае сэрца" просяць гродзенцаў дапамагчы з мэбляй. У домік для катоў, які…

22 студзеня 2025