Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне з 14 па 23 красавіка правесці ў Гродне гарадскі суботнік. Кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў павінны самі вызначыць дзень і форму правядзення суботніка ў названыя тэрміны.
Абвешчана, што суботнік праводзіцца на добраахвотнай аснове. Яго рэкамендуюць правесці на працоўных месцах або арганізаваць уборку тэрыторый, замацаваных за арганізацыямі.
Гарадскія ўлады просяць кіраўніцтва і ўдзельнікаў суботніка надаць асаблівую ўвагу неабходнасць выканання санітарна-гігіенічных патрабаванняў, уведзеных у сувязі са складаным эпідэміялагічным становішчам.
Чытайце таксама: Разграничивать потоки и держать дистанцию. В Гродно утвердили список мер по борьбе с коронавирусом
Сабраныя на суботніку сродкі абяцаюць накіраваць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан зямель агульнага карыстання, гісторыка-культурных каштоўнасцяў і воінскіх пахаванняў у Гродне.
А гэта абавязкова?
Не. Як патлумачыў юрыст на masheka.by, юрыдычнага паняцця «суботнік» беларускі закон не ўтрымлівае. Мяркуецца, што суботнік — гэта свядомая арганізаваная бясплатная праца на карысць грамадства ў вольны ад працы час. За дзень удзелу ў суботніку работніку належыць заработная плата. Але існуе практыка добраахвотнага ўтрымання наймальнікамі грашовых сродкаў, заробленых у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка на разліковыя рахункі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, калі работнік выкажа сваю згоду на гэта.
Згодна з артыкулам 137 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь усе работнікі маюць права на выхадныя дні, якія яны могуць выкарыстоўваць па сваім меркаванні. Такім чынам, удзел работніка ў суботніку, які праводзіцца ў выхадны дзень, — справа сапраўды добраахвотная.