Рэзідэнт СЭЗ «Гроднаінвест» СТАА «Контэ Спа», адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў адзення, бялізны і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, плануе перавесці частку прадпрыемства на вытворчасць медыцынскіх масак, паведамляецца на сайце СЭЗ, піша interfax.by.

«Меркаваная мера дазволіць прадпрыемству захаваць занятасць на вытворчасці і забяспечыць краіну дэфіцытным і неабходным таварам», — дадалі там.

Паводле інфармацыі «Гроднаінвест», раней аб выпуску медыцынскіх масак, прызначаных для папярэджання заражэння і распаўсюджвання інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, паведаміў яшчэ адзін рэзідэнт СЭЗ — ТАА «МедЛен».

СТАА «Контэ Спа» заснавана ў 1997 годзе, з 2008 года кампанія з’яўляецца рэзідэнтам СЭЗ «Гроднаінвест». Геаграфія экспарту налічвае звыш 30 краін.