У пракуратуры Менску распавялі пра карныя захады, якія могуць пагражаць беларусам за ўхіленне ад самаізаляцыі. Пра гэта паведамляе сайт, прызнаны экстрэмістскім, са спасылкай на «Минск-Новости».
Першы намеснік пракурора Менску Аляксандр Карповіч адзначыў, што інфекцыя, выкліканая каранавірусам COVID-19, уключаная ў пералік захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва. Таксама 25 сакавіка Саветам Міністраў Беларусі прынятая пастанова адносна захадаў для перадухілення завозу і распаўсюду інфекцыі. У прыватнасці, прадугледжаная двухтыднёвая самаізаляцыя ўдома тых, хто прыбыў у Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.
У сувязі з гэтым людзей, у дачыненні да якіх ёсць падставы меркаваць, што яны заразіліся каранавірусам, але якія пры гэтым ухіляюцца ад абавязковага медычнага агляды, могуць прымусова аглядаць у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.
Ухіленнем ад абавязковага медагляду з’яўляюцца няяўка цягам трох дзён без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя пасля атрымання афіцыйнага паведамлення аб выкліку ці адмова ад агляду. У такім разе пасля рашэння пракуратуры чалавека на агляд даставяць міліцыянты.
Асобаў, якія маюць небяспечныя захворванні, у выпадку ўхілення ад лячэння могуць прымусова шпіталізаваць на падставе рашэння суду.
Прадстаўнік пракуратуры адзначыў, што ўдзел у санітарна-супрацьэпідэмічных падзеях, выкананне прадпісанняў органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, зʼяўляецца абавязкам у Беларусі. Таму, паводле арт. 16.8 КаАП, парушэнне санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў цягнуць за сабой штрафу да 30 базавых велічынь (810 рублёў), на ІП — да 200 БВ (5 400 рублёў), а на юрыдычную асобу — да 500 БВ (13 500 рублёў).
Крымінальная адказнасць за распаўсюд каранавіруса ў Беларусі не прадугледжаная.