У Гродне скарацілася колькасць аўтобусаў на маршрутах, піша belta.by са спасылкай на «Аўтобусны парк горада Гродна». Тры маршруты часова адмянілі.

Зніжэнне колькасці аўтобусаў звязана з памяншэннем пасажырапатоку. З 1 красавіка ў Гродне на лінію выходзіць на 10% менш машын.

«Большасць пасажыраў, зрэшты, нязручнасцяў не адчуюць. Дзесьці больш сталі інтэрвалы паміж аўтобусамі», — патлумачылі ў аўтобусным парку.

Расклад руху змяніўся. Часова адмянілі тры аўтобусныя маршруты — № 39, 48 і 61, таксама стала менш транспарту пасля 21:00.

Чытайце таксама: У Гродне кіроўцы перастануць прадаваць талоны ў транспарце

Дзяржаўнае прадпрыемства «Аператар пасажырскіх перавозак» паведамляе, што колькасць рэйсаў на тралейбусных маршрутах у Гродна таксама паменшылі. Новы расклад аўтобусаў і тралейбусаў у Гродне размясцілі на сайтах аператараў.