Раніцай 1 красавіка адразу некалькі чытачоў звярнуліся ў рэдакцыю Hrodna.life з інфармацыяй пра тое, што сажалку на Рэпіна пачалі засыпаць. Хоць раней гарадскія службы абяцалі яе аднавіць. Сітуацыю пракаментавала дэпутатка акругі Алена Жалезняковіч.

У канцы лістапада 2019 гады пасля шматлікіх зваротаў і публікацый у СМІ гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на праблему і пачалі работы па аднаўленні сажалкі па вуліцы Рэпіна. У старадаўнім вадаёме планавалі зрабіць гідраізаляцыю і запусціць зноўку ваду.

«У мінулым годзе абяцалі ратаваць возера, але засыпалі роўна з берагамі. За тры дні навезлі пяску. Нас падманулі. Такое пачуццё, што гэта ўсё будзе, як з «Алыми парусами««, — напісала чытачка Юлія.

Дэпутат: «Ніхто засыпаць сажалку не будзе»

Дэпутат акругі Алена Жалезняковіч адзначае, што пытанне аднаўлення сажалкі ў яе на кантролі.

«Ёсць рашэнне Гродзенскага выканкама па аднаўленні сажалкі на вуліцы Рэпіна. На сённяшні дзень прынята рашэнне, што сажалка будзе глыбінёй 1,5 м. Дно зараз умацоўваюць, у будучыні пакладуць гідраізаляцыйны матэрыял і запоўняць вадой. Цяпер возяць зямлю, каб засыпаць дно. Дзесьці падсыпалі па самы бераг для таго, каб заехала тэхніка. Без гэтага зрабіць нічога немагчыма. У планах нічога не памянялася. Ніхто засыпаць сажалку не будзе».

Сажалку выкарыстоўвалі для шпацыраў

Сажалка па вуліцы Рэпіна з’яўляецца адной з нямногіх у Кастрычніцкім раёне Гродна. Яна вядома яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай. Гісторыю вадаёма часта распавядае жыхарам мікрараёна кіраўнік музея ў гімназіі № 4 Вольга Грамыка.

«Сажалкі вакол каралеўскай рэзідэнцыі «Аўгустовак» мелі прыроднае паходжанне, але заўсёды былі акультураны. Вадаёмы пашыралі, паглыблялі або засыпалі, надаючы патрэбную форму, паводле неабходнасці і ў адпаведнасці з прызначэннем.

Адзіная захаваная сажалка на Рэпіна заўсёды мела не гаспадарчае прызначэнне, а шпацырнае. Яна заўсёды была абсаджаная дрэвамі, да яе вялі сцежкі. Мабыць, гэтая тэрыторыя, хоць і прыватная, ніколі не была закрытай, бо ў адной з Памятных кніжак Гродна гаворыцца, што «ў парк Аўгустова, што ў двух кіламетрах ад горада, любяць на выходныя выязджаць гродзенцы на пікнік, на прагулкі».

Асабліва папулярным возера ў якасці месца адпачынку гараджан стала ў польскі міжваенны перыяд. І ў савецкія гады, і ў цяперашні час тут адпачываюць гараджане. Сёння гэты аб’ект важны не толькі як частка гісторыі, але і з пазіцыі экалагічнага балансу мікрараёна", — адзначыла Вольга Грамыка.

Пішуць, што сажалку на Рэпіна засыпаюць. Каментуе дэпутат
Сажалка на Рэпіна ў траўні 2019 года

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life