Філіял «Аўтобусны парк № 2 г. Ліда» працуе над укараненнем аўтаматызаванай сістэмы аплаты праезду, піша lidanews.by. Такая сістэма ўжо працуе ў Віцебску, Барысаве, Гомелі, Магілёве і Баранавічах. Hrodna.life высвятліў, калі такая сістэма з’явіцца ў Гродне.

Як гэта працуе?

Альтэрнатывай папяроваму квітку стане плацежны сэрвіс для мабільных прылад. У салоне аўтобусаў размесцяць QR-код, а пасажыр, адсканаваўшы яго, зможа аплаціць праезд. Для разлікаў спатрэбіцца толькі смартфон.

Кантралёр, зайшоўшы ў аўтобус, заблакуе сістэму, а факт аплаты будзе адсочваць аўтаматычна на сваёй мабільнай прыладзе альбо на тэлефоне пасажыра пасля сканавання ім QR-кода з карткі кандуктара.

Плануецца, што да мая новая сістэма будзе ўведзена на ўсіх гарадскіх маршрутах Ліды. Улады лічаць, што ўдасканаленне сістэмы аплаты дазволіць павысіць акупнасць перавозак у раёне. Да канца 2020 года ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на гарадскі аўтамабільны транспарт павінен скласці 90%. Зараз гэты паказчык — 70%. Астатняя частка субсідуецца аўтобуснаму парку з бюджэту, паведамляе прэс-служба Лідскага райвыканкама.

Калі з’явіцца ў Гродне?

Спачатку сістэму «абкатаюць», а потым будзе ясна, ці варта яе ўкараняць у Гродне, распавялі Hrodna.life у прадпрыемстве «Аператар пасажырскіх перавозак». На прадпрыемстве расказалі, што ў Брэсце такі спосаб аплаты тэстуюць каля трох гадоў. Пакуль ім карыстаюцца максімум 10% пасажыраў. Так што эксперымент плануюць спыніць.

Складанасць і ў тым, што грошы ў выпадку аплаты праз дадатак ідуць праз банк і не адразу паступаюць на рахунак перавозчыка. А таму трэба аплачваць паліва, плаціць зарплату кіроўцам. Тым больш, насельніцтва старэе, не ўсе карыстаюцца смартфонамі, — многім звыклей талончыкі, кажуць пра свае апасенні на прадпрыемстве.

«Калісьці гэта будзе. Лепш пакуль не спяшацца, спачатку абкатаць, а потым ужо ўсё зрабіць», — кажуць у Гродне пра новую сістэму.


Чытайце таксама: В Гродно можно будет оплачивать проезд через QR-код. Но неизвестно когда

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life