Прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацый Гродна 18 сакавіка прынялі маніфест да ўдзельнікаў праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата на выбары прэзідэнта Беларусі ад дэмакратычных сіл.
Апошні этап праймерыз прайшоў 17 сакавіка ў Баранавічах. Да Гродна прэтэндэнты на адзінага кандыдата так і не даехалі. Праймерыз былі спынены па прычыне каранавіруса і шэрагу іншых пытанняў.
Вадзім Саранчукоў:
– Я ў апазіцыі з 1996 года і гэта больш за палову майго жыцця. Гэта шлях, на якім я бачыў безліч сварак, найперш абумоўленых амбіцыямі асобаў. Мы ў Гродне навучыліся ставіць інтарэсы справы вышэй за асабістыя і працаваць разам. Калі камусьці трэба тренінг на гэту тэму – любы сябар гродзенскай каманды можа яго правесці. Пасыл сёння вельмі просты: фронт барацьбы павінен быць адзіным і непахісным. Мы павінны нарэшце навучыцца верыць і давяраць адзін адному. Альбо трэба перастаць дурыць галовы майму народу і дарагім мне людзям.
Сяргей Верамеенка:
– Супольныя і злажаныя дзеянні дэмакратычных сіл Беларусі гродзенскія актывісты лічаць неабходнай умовай для далейшага паспяховага ўдзелу ў кампаніі 2020. Працэс праймерыз, ініцыяваны кіраўнікамі палітычных партый, мусіць з’ядноўваць, а не раструшчваць дэмакратаў. На дадзены момант у праймерыз абвешчаны перапынак да траўня. Лічым, што два месяцы – дастатковы адрэзак часу, каб улагодзіць усе спрэчныя пытанні і працягнуць рэалізацыю першапачаткова азначаных задач.
Маніфест гарадзенская каманды
Лічым адзінства дэмакратычных сілаў неабходнай умовай эфектыўнай працы ў электаральнай кампаніі 2020. Удзел гарадзенскага актыву ў кампаніі лічым мэтазгодным пры выкананні наступных патрабаванняў:
– Вяртанне ў праймерыз усіх папярэдніх удзельнікаў
– Выкананне ўсіх папярэдніх дамоўленасцяў
– Адпаведнасці працэдуры дэмакратычнаму духу
– Увядзенне мараторыя на ўзаемную крытыку паміж прэтэндэнтамі
Прапануем выкарыстаць вымушаны перапынак для вырашэння азначаных пытанняў. У адваротным выпадку разглядаем магчымасць устрымацца ад удзелу ў кампаніі 2020.


