У цэнтры Гродна на вуліцы 1 Мая хутка з’явяцца два жылыя шматкватэрныя дамы. Адзін недалёка ад гіпермаркета «Еўраопт» ужо будуецца, другі збіраюцца ўзвесці побач з лютэранскай кірхай, цяпер ідуць грамадскія абмеркаванні.

Першы дом будуецца на пляцоўцы паміж дзіцячым садком № 51 і крамай адзення «Купалінка» каля «Еўраопта». Будаўнічыя працы толькі пачаліся, пакуль капаюць катлаван. Як паведамляе vgr.by, замоўца — гродзенскі бізнесовец. Будынак будзе трохпавярховым на 12 кватэр, дабудаваць яго плануюць да канца 2020 года.

На вуліцы 1 Мая ў Гродне з'явяцца два будынкі: адзін ужо будуюць, другі абмяркоўваюць

Другі будынак будзе размяшчацца па вул. Акадэмічнай, 14 і вул. 1 Мая, 18. Зараз там стаяць драўляныя гаспадарчыя пабудовы, якія жыхары суседніх дамоў выкарыстоўваюць як каморкі, і расце каля 10 дрэў.

Дом таксама будзе трохпавярховым на 12 кватэр, са скатным простакутным дахам, з падвалам і мансардай. Запланаваныя тэрміны будаўніцтва — 2020−2021 гады, замоўца — ТАА «Горбудінжынірынг». Грамадскія абмеркаванні працягнуцца да 14 красавіка, падрабязную інфармацыю размястілі на сайце гарвыканкама.

На вуліцы 1 Мая ў Гродне з'явяцца два будынкі: адзін ужо будуюць, другі абмяркоўваюць

Падвал будынка будуць здаваць у арэнду пад гандаль, побач будзе паркоўка. Паводле праекта, будынак будзе мець сучасны стылевы кірунак, не звязаны непасрэдна з гістарычнай архітэктурай, але будзе ўлічваць архітэктурныя стылі гістарычнай забудовы, якая захавалася.