У рэдакцыю Hrodna.life звярнулася чытачка Ларыса, якая была абураная тым, што ад дрэў на Леванабярэжнай засталіся толькі «слупкі». Аказваецца, таполі прыбралі па просьбе жыхароў вуліцы.
— З жахам убачыла ссечаныя дрэвы недалёка ад пляцоўкі, дзе цеплаход прычальвае. Яны былі бліжэй да дамоў на горцы. Вельмі тоўстыя, зусім здаровыя дрэвы. Гэта бачна па слупках, якія пакінулі. Пляцоўку для чагосьці чысцяць? Яны гэтай пляцоўцы не перашкаджалі… І так горад усё больш губляе зеляніны з кожным годам, — распавяла Ларыса.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, таполі на Леванабярэжнай падразалі супрацоўнікі Гродназелянбуда. Работнікі дзяржаўнай арганізацыі спасылаюцца на санітарную абрэзку і просьбу жыхароў вуліцы — дрэвы загароджвалі святло. У Гродназелянбудзе паабяцалі, што таполі ад такой абрэзкі не пацерпяць і далей будуць расці.
Чытайце таксама: Деревья опять обрезают под ноль. Что говорят ботаники и ЖКХ?
Усё дзеля віду на замкі?
Жыхары вуліцы Чырвонапартызанскай распавялі, што ў канцы 2019 года на іх вуліцы адна сям’я набыла дом з відам на гродзенскія замкі. Якраз на горцы, дзе побач раслі дрэвы. Новаму ўласніку дазволілі знесці стары дом для будучага будаўніцтва. Яго знеслі ў пачатку сакавіка, а разам з ім абрэзалі і старыя дрэвы, якія не ўваходзілі ва ўчастак новага ўласніка. Некаторыя жыхары вуліцы думаюць, што гэта было зроблена спецыяльна, каб у будучыні з новага дома адкрываўся прыгожы від на правы бераг Нёмана.
«Гэтыя таполі трэба высякаць па старасці»
Гродзенскі эколаг і краязнаўца Ігар Лапеха лічыць, што таполі на Леванабярэжнай ужо зжылі сваё.
— Гэтыя таполі фармавалі алею на Леванабярэжнай. Паводле маіх дадзеных іх пасадзілі дзесьці ў 1950-х. Такія дрэвы вельмі хутка растуць і хутка старэюць. Тое, што іх так абразаюць, ненармальна, — распавёў Ігар Лапеха. — Пасля абразання таполі даюць бакавыя пабегі, добра аднаўляюцца. Але пасля хутка ламаюцца. Гэтыя дрэвы, магчыма, жыць далей і не будуць, яны даволі старыя.
Гэтыя таполі трэба высякаць па старасці. Ці замяняць на новыя дрэвы. Гэта можа быць паступовы працэс замены. Тым самым можна захаваць і працягнуць сквер на Леванабярэжнай. А пянькі, якія цяпер там, потым абрастуць і будуць выглядаць вельмі непрыгожа.