16 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна працягнулі разглядаць справу выкладчыка, які, па версіі абвінавачвання, частаваў сваіх вучняў марыхуанай і ЛСД. Апыталі сведак — супрацоўнікаў УУС, якія сачылі за абвінавачаным і затрымлівалі яго 4 кастрычніка 2019 года.
Для дачы паказанняў выклікалі сведкаў: Сяргея Барташэвіча — старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гродзенскага аблвыканкама і Дзяніса Габрусевіча — старшага оперупаўнаважанага аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС. Яны сачылі за падазраваным і праводзілі затрыманне.
Летам мінулага года ім стала вядома, што абвінавачаны ўжывае з трыма вучнямі марыхуану. Каб пацвердзіць сваю версію, з 22 ліпеня ў кабінеце, дзе праходзілі заняткі, усталявалі відэаназіранне і слыхавы кантроль. Сачэнне было санкцыянаваным.
Некаторыя матэрыялы гэтай справы сведкі не могуць раскрыць, таму што яны засакрэчаныя.
Затрыманне адбылося каля 15.50 4 кастрычніка 2019 года. Да гэтага абвінавачаны з адным з пацярпелых пакурылі марыхуану ў кабінеце. У памяшканні знаходзіліся сцеблы марыхуаны, якія выкладчык потым завёз дадому. Вучань, які праходзіць па справе пацярпелым, кажа, што паехаў за кампанію і чакаў у машыне.
Пасля вяртання выкладчык праводзіў занятак з малодшай групай, а пацярпелы займаўся сваім праектам. Тады ў кабінет увайшла група АМАП. Пацярпелага, затрыманага разам з выкладчыкам, павезлі на агляд, а затым у Ленінскі РАУС. Спачатку яго затрымалі па арт.108 КК РБ, «каб зразумець, якая яго роля». Але потым адпусцілі.
Падчас агляду ў кабінеце выявілі марыхуану. Канфіскавалі таксама камп’ютарную тэхніку, тэлефон, банкаўскія карты, шалі, 3D-прынтар. Кажуць, гэта мела дачыненне да справы. Ператрус у кабінеце ішоў каля пяці гадзін. Абвінавачаны здаў трубку для курэння і рэшткі марыхуаны ў пакуначку, якія былі ў пачку з-пад цыгарэт.
Першапачаткова і пацярпелы, і абвінавачаны адмаўлялі, што ўжывалі марыхуану. Але факт ужывання быў зафіксаваны відэаназіраннем.
Барташэвіч кажа, што абвінавачаны быў нешматслоўны пры затрыманні, пры дачы тлумачэнняў, пры гутарках у ІЧУ. Кажа, што пры затрыманні ў яго былі пашыраныя зрэнкі, няскладныя гаворка.
«Казаў недарэчы. Гэта можна назваць трызненнем. Калі мы спрабавалі наладзіць дыялог, не атрымлівалася», — сказаў Барташэвіч. Гэта разыходзіцца з паказаннямі пацярпелых, якія кажуць, што паводзіны выкладчыка практычна не змянялася пасля ўжывання марыхуаны.
Супрацоўнікі правялі ператрус у кабінеце, асабісты ператрус, абшукалі аўтамабіль і кватэру. У машыне знайшлі часціцы рэчыва. У кватэры знайшлі марыхуану ў камодзе. Жонка абвінавачанага не ведала, што гэта за рэчыва і каму яно належыць.
Габрусевіч кажа, што адчуваў у кватэры пах марыхуаны.
Да гэтага часу не высветлілі, куды зніклі сцеблы марыхуаны, якія абвінавачваны павёз, са слоў пацярпелага, да сябе дадому.
— Пакуль мы аглядалі кабінет, прыйшоў сын абвінавачанага, расштурхаў локцямі АМАПаўцаў, глянуў, што бацька ў кайданках, выйшаў, патэлефанаваў дадому, і гэтую марыхуану выкінулі. Гэта мы ведаем з іншых крыніц, — кажа сведка.
Суддзя ўдакладніў, колькі гадоў сыну абвінавачанага і як ён мог «расштурхаць локцямі» АМАПаўцаў. Сведкі растлумачылі, што яны прынялі 11-гадовага сына за вучня студыі, АМАП стаяў з аўтаматамі і нудзіўся, «вось хлопчык іх локцямі і расштурхаў».
Адвакат пацікавіўся, чаму абвінавачанага не затрымалі раней, калі з моманту сачэння камера зафіксавала сем эпізодаў. Барташэвіч патлумачыў гэта вывучэннем крыніцаў.
Супрацоўнікі УУС мяркуюць, што абвінавачаны вырошчваў марыхуану дома самастойна. На відэазапісе ёсць момант, дзе выкладчык распавядае, што вырошчвае яе дома. Але даказаць факт вырошчвання не ўдалося.
Што тычыцца ЛСД, на думку сведак, ён купляў яго ў інтэрнэт-краме.
На пытанне, ці набывалі пацярпелыя наркотыкі самастойна, Барташэвіч кажа «не фіксавалі». Але адзначае, што за дзецьмі супрацоўнікі шчыльна не сачылі.
Hrodna.life будзе сачыць за судовым працэсам.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…