Аляксандр Лукашэнка прызначыў былога галоўнага ідэолага Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага старшынёй Свіслацкага райвыканкама. Новы кіраўнік будзе і ў Дзятлаўскім раёне — на гэтую пазіцыю прызначылі дырэктара ААТ «Прынёманскі» (сельгаспрадпрыемства ў Навагрудскім раёне) Андрэя Садоўскага, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Кар’ера Вярсоцкага
Аляксандр Вярсоцкі кіраваў ідэолагамі Гродзеншчыны з красавіка 2016 года. Кар’еру пачынаў пасля заканчэння БДПУ імя Танка як настаўнік біялогіі ў сярэдняй школе № 6 г. Смаргоні. Працаваў метадыстам аддзела адукацыі Смаргонскага райвыканкама, дырэктарам сярэдняй школы № 1 у Смаргоні, намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама. З 2011 года працаваў у Гродне — начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама, затым першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.
Лукашэнка параіў заняцца пасяўной
Усяго 16 сакавіка Лукашэнка прызначыў на новыя месцы 28 чыноўнікаў - такіх маштабных прызначэнняў не можа ўспомніць і сам прэзідэнт. Лукашэнка канстатаваў, што большасць з сённяшніх прызначэнцаў будуць працаваць не ў Мінску, а раз’едуцца па рэгіёнах. Таму для іх актуальныя пытанні правядзення пасяўной кампаніі, якая пачалася ўжо ва ўсіх абласцях.
«У сувязі з тым, што неардынарная была зіма, нядрэнная (дай бог, каб сакавік пражылі спакойна, без моцных маразоў), той, хто разгорнецца, будзе з ураджаем, — заўважыў прэзідэнт. — Трэба было аператыўна прымаць кадравыя рашэнні, таму што я не ўяўляю, як раён сёння можа арганізаваць гэтыя работы ў эканоміцы, калі няма кіраўніка».
Што казалі зоркі?
Астролаг Hrodna.life у пачатку года прадказваў чыноўнікам, што нарадзіліся пад знакам «Блізняты», «добры і стабільны год, магчымасць замацаваць леташнія поспехі і матэрыялізаваць новыя ідэі». Відаць, Аляксандр Людвікавіч будзе рэалізоўваць новыя ідэі на новым месцы.