Яшчэ ў трох пацыентаў пацвердзіўся дыягназ COVID-19, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Напярэдадні медыкі паведамлялі, што папярэднія тэсты на каранарус у трох пацыентаў, што вярнуліся з Італіі, далі станоўчы вынік. Паўторныя тэсты пацвердзілі папярэдні дыягназ.
У Мінздароўя адзначылі, што прэвентыўная ізаляцыя дадзеных пацыентаў і адэкватнае медыцынскае суправаджэнне дазволілі не дапусціць далейшага развіцця хваробы і распаўсюджвання захворвання. Цяпер яны адчуваюць сябе здавальняюча, тэмпература нармальная, скаргаў няма.
Ужо трое чалавек вылечыліся ад кітайскага каранавіруса. Іранскі студэнт, які першым у Беларусі і захварэў, мае трэці адмоўны вынік тэсту. Адмоўныя вынікі паказалі і тэсты ў двух пацыентаў, з якімі ён блізка кантактаваў. На гэтым тыдні ўсіх трох плануюць выпісаць са стацыянара.
Стан астатніх пацыентаў, у якіх дыягнаставалі каранавірус, здавальняючы. Як паведамляюць, у іх нармальная тэмпература, праводзіцца лабараторны кантроль і медыцынскае назіранне.
Чытайце таксама: Дзе здаць аналіз на каранавірус ў Гродне і Гродзенскай вобласці
Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла, што пагроза пандэміі стала больш рэальнай. Але кіраўнік СААЗ лічыць, што гэта будзе першая ў гісторыі пандэмія, якую можна будзе кантраляваць.
Паводле дадзеных СААЗ, хвароба ахапіла больш за 100 краін. Агульная колькасць зарэгістраваных выпадкаў - амаль 107 тысяч, памерлі 3639 чалавек. Італія заняла першае месца ў свеце па смяротнасці ад каранавірусу (4,96%). Другое месца ў ЗША (4,03%). На трэцім — Кітай (3,83%), на чацвёртым — Іран (2,96%). Менш за ўсё смяротных зыходаў у Паўднёвай Карэі - гінуць 0,68% тых, хто захварэў, піша t*t.by.