Міністэрства замежных спраў звяртае ўвагу беларускіх турыстаў на ўвядзенне некаторымі краінамі абмежаванняў у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса. Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйных старонках МЗС у сацыяльных сетках, паведамляе БЕЛТА.
“Дадаткова звяртаем увагу, што ў мэтах папярэджання завозу і распаўсюджвання COVID-19 некаторыя дзяржавы (альбо іх асобныя рэгіёны) увялі пэўныя абмежавальныя меры, звязаныя з уездам на іх тэрыторыю замежных грамадзян”, – адзначылі ў ведамстве.
Па стане на 6 сакавіка абмежаванні рознай ступені, у прыватнасці, уведзены ў Аўстраліі, Бахрэйне, В’етнаме, Грузіі, Ізраілі, Індыі, Інданэзіі, Ярданіі, Іраку, Кувейце, Кыргызстане, Маўрыкіі, Малайзіі, Мальдывах, Манголіі, М’янме, Новай Зеландыі, Палау, Папуа – Новай Гвінеі, Рэспубліцы Карэя, Саудаўскай Аравіі, КНДР, Сінгапуры, ЗША, Туркменістане, Турцыі, Філіпінах, Японіі.
“Звяртаем увагу, што меры для кожнай канкрэтнай краіны розныя. Таму грамадзянам, якія плануюць паездкі ў названыя дзяржавы, у мэтах атрымання падрабязнай інфармацыі аб характары і тэрмінах абмежаванняў, неабходна звяртацца ў адпаведныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы або консульскія ўстановы вышэйзгаданых краін”, – дадалі ў міністэрстве.


