Ноччу 28 лютага BMW 6-series уляцеў у ганак Фарнага касцёла. За рулём быў 23-гадовы хлопец, які ў студзені атрымаў вадзіцельскія дакументы. Як паведамляюць чытачы autogrodno.by, BMW хлопец купіў тыдні два таму.
У ДАІ Гродна ўдакладнілі падрабязнасці аварыі:
«Каля гадзіны ночы 23-гадовы хлопец ехаў па вуліцы Стэфана Баторыя ў напрамку вуліцы Карла Маркса. Кіроўца „БМВ“ няправільна выбраў хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем, заехаў на тратуар і здзейсніў наезд на дэкаратыўны фасадны паручань Сабора святога Францішка Ксаверыя. У выніку здарэння хлопец быў дастаўлены ў бальніцу, дзе пасля аказання медыцынскай дапамогі быў адпушчаны дадому».
Паводле інфармацыі чытачоў autogrodno.by, малады чалавек зламаў руку. Падушка бяспекі адпрацавала добра, наступствы маглі быць горш.
Дарэчы, ганак Фарнага касцёла ўжо не ў першы раз прымае аўтамабілі. У 2016 годзе кіроўца Ford не ўпісаўся ў паварот і лёг на бок у гэтым жа месцы. Тады за ім гналіся супрацоўнікі ДАІ. У 2018 годзе з паваротам не змог справіцца кіроўца VW Jetta — ён крыху не даехаў да ганка Фарнага.