На базе Лідскага каледжа можа адкрыцца філіял вышэйшай навучальнай установы. Пра гэта прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ ім. Я. Купалы Генадзь Гачко сказаў першаму намесніку старшыні Лідскага райвыканкама Ігару Квасоўцы. Перамовы прайшлі 12 лютага на семінары «Супрацоўніцтва Лідскага каледжа з арганізацыямі Ліды: праблемы і перспектывы развіцця», паведамляе lidanews.by.
У раёне ўжо сфарміраваны Каардынацыйны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі універсітэта, Лідскага каледжа і райвыканкама. У планах правесці сацапытанне аб неабходнасці адкрыцця філіяла ВНУ. Зараз вядзецца вывучэнне патрэбы ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй у Воранаўскім, Іўеўскім, Навагрудскім, Шчучынскім, Дзятлаўскім, Карэліцкім раёнах. Праводзіцца маніторынг наяўных вакансій у арганізацыях Лідскага рэгіёну.
Таксама прапрацоўваецца пытанне адкрыцця ў Лідзе філіяла Гродзенскага навукова-тэхналагічнага парку. Улады лічаць, што гэта дазволіць зацікавіць моладзь заставацца ў родным горадзе і прыцягнуць рабят з іншых раёнаў.