21 лютага ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Тэлеканал “Беларусь 3” у гэты дзень прапануе цалкам беларускамоўны эфір з найлепшымі тэлепраектамі ўласнай вытворчасці, мастацкімі і дакументальнымі стужкамі на роднай мове, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Артэфакты, традыцыі, героі

Гледачоў “Беларусь 3” чакаюць выпускі пазнавальных праектаў, якія адлюстроўваюць розныя бакі нашай спадчыны. Праграма “Жывая культура”, якая расказвае пра нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, пакажа выраб традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне, а праект “Артэфакты”, які разам з гісторыкамі, археолагамі, краязнаўцамі і калекцыянерамі раскрывае гісторыю матэрыяльных артэфактаў, распавядзе пра Статут Вялікага княства Літоўскага.

Дзякуючы “Архітэктуры Беларусі” гледачы апынуцца ў сядзібе Агінскіх, а “Народны майстар” бліжэй пазнаёміць з жыццём і творчасцю вядомай ткачыхі традыцыйнага беларускага адзення Людмілы Кавалёвай. Увечары гераіняй фільма-партрэта аб таленавітай беларускай моладзі з цыклу “На вышыні” стане паэтка Кацярына Мосэ, а пасля дакументальны тэлефільм “Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака” распавядзе пра творчым лёс сучаснага мастака Паўла Татарнікава.

Фільмы на беларускай мове

Сярод фільмаў, якія тэлеканал прапануе да прагляду ў Міжнародны дзень роднай мовы, – гістарычная драма “Анастасія Слуцкая” ( “Беларусьфільм”, 2003), народная камедыя “Свежына з салютам” (“Беларусьфільм”, 2001), дакументальныя стужкі “Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі” (Белтэлерадыёкампанія, 2019) да 200-годдзя кампазітара і “Мяжа” ( “Беларусьфільм”, 2019). Усе фільмы “Беларусь 3” пакажа на беларускай мове.

Акрамя таго, гледачы ўбачаць юбілейны творчы вечар заслужанай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, запісаны медыяхолдынгам 9 лютага ў Купалаўскім тэатры. Праграму вечара складаюць фрагменты спектакляў з яе ўдзелам.

Таксама 21 лютага тэлеканал павіншуе народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга з днём нараджэння. Маэстра стане госцем праекта “Майстры і куміры”, а пасля гледачоў чакае канцэртная праграма “Купала і Колас. Вы нас гадавалі” Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад яго кіраваннем.