Рэгіянальныя ўлады спачатку хацелі заключыць інвестыцыйны дагавор, потым раптам змянілі меркаванне і схіліліся да правядзення аўкцыёну па продажы стратных слонімскіх сельгаспрадпрыемстваў, піша gs.by са спасылкай на “Советская Белоруссия — Беларусь Сегодня”.
На выніковай калегіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, якая прайшла 13 лютага, першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой пазначыў у тым ліку праблему захавання выразных правіл пры працы з інвестарамі.
У прыватнасці, па словах Дзмітрыя Крутога, у Слонімскім раёне вядзецца праца па продажы замежнаму інвестару сямі стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Рэгіянальныя ўлады спачатку хацелі заключыць інвестыцыйны дагавор, потым раптам змянілі меркаванне і схіліліся да правядзення аўкцыёну.
– Я асабіста сустракаўся з гэтым еўрапейскім інвестарам, – выказаў свае ўражанні Дзмітрый Крутой. – Гісторыя доўжыцца ўжо сем месяцаў, і цярпенне ў яго заканчваецца. Гэта і сігнал Нацыянальнаму агенцтву па інвестыцыях і прыватызацыі.
На сённяшні дзень у Адзіным Дзяржрэестры звестак аб банкруцтве ў стадыі санацыі знаходзяцца такія слонімскія прадпрыемствы, як КСУП «Васілевічы», СРУСП «Пераможца», КСУП «Дзераўноўскi», ААТ «Птушкафабрыка Слонімская», КСУП «Дружба-Агра». У стадыі лiквiдацыйнага вядзення знаходзіцца СРУСП «Новадзевяткавічы».


