З пачатку лютага каля дома купца Мураўёва ў Гродне з’явіліся рабочыя. Цяпер яны рыхтуюць аб’ект да будучай рэканструкцыі.
У канцы 2019 года стала вядома, што старадаўні дом у цэнтры Гродна купіў бізнесмэн Станіслаў Сямашка. Як нам вядома, цяпер распрацоўваецца праект рэканструкцыі. Што там будзе ў будучыні, пакуль невядома. Не выключана, што новая гасцініца “Сямашка”.

У розны час дом купца Мураўёва быў жылым, тут знаходзіліся Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і крама мануфактурных тавараў, пазней абласная навуковая бібліятэка. З пачатку 1990-х будынак не выкарыстоўваўся, у 1995-96 гадах пад выглядам рэканструкцыі будынак фактычна разрабавалі і кінулі.
З 2006 года будынкам валодаў “Беларускі народны страхавы пенсійны фонд”. У лістападзе 2012 года скончылася рэстаўрацыя фасада. Неўзабаве “Беларускі народны страхавы пенсійны фонд” ператварыўся ў ААСТ “Мегаполіс”, якое шмат гадоў не выконвала свае абавязацельствы па рэканструкцыі будынка.


