Бюджэт праекта ГЗК перавышае больш за 100 млн еўра. Сюды ўваходзіць будаўніцтва, праектаванне і фінансавыя выдаткі на прыцягненне крэдыту. Акупнасць ГЗК — больш за дзесяць гадоў, распавёў Раман Марозаў, намеснік дырэктара па развіцці ТАА «Контэ Спа».

Праект крэдытуюць з дапамогай польскага банку Bank Gospodarstwa Krajowego. Агульная крэдытная лінія перавышае 50 млн еўра. Яна складаецца з крэдыту на будаўніцтва і страхавання крэдыту.

— Наш крэдыт унікальны збольшага. Унікальны тым, што замежны банк даў грошы наўпрост беларускай юрыдычнай асобе, абмінаючы беларускі банк. Асноўныя схемы крэдытавання прадугледжваюць наяўнасць беларускага банка. Гэта значыць, замежны банк дае грошы беларускаму банку, а беларускі банк дае грошы беларускай юрыдычнай асобе. Такім чынам замежнікі сябе страхуюць. У дадзеным выпадку гэтая схема іншая. Мне невядома, каб хто-небудзь яшчэ да нас браў крэдыты наўпрост у замежных банкаў. Мы першыя, хто здолеў гэта зрабіць, — кажа Раман Марозаў.

triniti (42)
Раман Марозаў, намеснік дырэктара па развіцці ТАА «Контэ Спа»
Такі крэдыт прадугледжвае страхаванне. Страхоўка таксама каштуе грошай. Крэдыт доўгі - 10 гадоў плюс перыяд будаўніцтва пад еўрапейскія працэнты. «Мы ў Беларусі не маглі ў той час знайсці магчымасць узяць столькі грошай на такі доўгі тэрмін пад такія танныя працэнты». Працэнты ў «Triniti» не могуць назваць, гэта закрытая інфармацыя.

Польскі банк перад выдачай крэдыту правёў даследаванне патэнцыялу гандлёвага цэнтра. Гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што праект паспяховы і мае адэкватныя тэрміны акупнасці. Любы арандатар можа тут працаваць і зарабляць.

Акупнасць праекта — больш за дзесяць гадоў. Дакладней будзе вядома праз год, калі будзе зразумелы дакладны аб’ём інвестыцый і даходнай часткі, звязанай з арэнднымі плацяжамі.

Прагназуемая наведвальнасць у першыя тры год: 600−900 тыс. чалавек у месяц, калі адкрыецца ўвесь аб’ект. Такія прагнозы робяць, таму што ў OldCIty наведвальнасць — 500−530 тыс. чалавек у месяц. У снежні яна склала 650 тысяч чалавек. Але OldCIty — больш гандлёвы, чым забаўляльны цэнтр, ён у тры разы меншы. У Triniti большы набор арандатараў, а ў якасці кліентаў разглядаюць прыезджых з вялікіх гарадоў вобласці, трафік з трасы М6 і бязвізавых турыстаў. Разлічваюць таксама перавабіць гродзенцаў, якія любяць ездзіць на закупіць у Польшчу. Цяпер нядзеля там — не гандлёвы дзень.