Этнакрама “Цудоўня” запускае праект “Кот Горадні”. Галоўная ідэя праекта – прадставіць наш горад у цікавай і непапсовай форме. Але пры гэтым – праз папсовыя і звычайныя рэчы. Такія, як сувенірныя паштоўкі і магніты.
Хацелі каляндар з экскурсіяй, атрымаліся магніты з коцікамі
Гаспадар “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч кажа, што спачатку ў планах быў крыху іншы прадукт.
“Ідэя праекта распачыналася з распрацоўкі календара-экскурсіі, дзе на кожны месяц пазначаны гарадзенскія адметнасці: замкі, прывід Фары Вітаўта, Каложская царква, ваданапорныя вежы Кася і Бася і іншыя. Гэта быў шляхаводнік па горадзе з менш вядомымі прамежкавымі пунктамі, такімі як Музей Януша Паруліса. З кароткім апісаннем месца куды чалавек патрапіў”.
Ідэю календара-экскурсіі адклалі на наступны год, а ўжо адмаляваныя будынкі з галоўнымі персанажамі вырашылі перанесці на фармат сувеніраў, кшталту магніцікаў і паштовак.
“Гэта самы просты і запатрабаваны спосаб прэзентацыі горада тым, хто сюды прыязжае”, – лічыць каманда “Цудоўні”.
Усе любяць коцікаў
У этнакраме лічаць, што большасць паштовак і магнітаў з выявай Гродна зроблены танна і непрывабна, і гэта праблема. Таму “Цудоўня” вырашыла зрабіць гэта нестандартна і па-свойму цікава. Галоўным героем выступае сам горад, а коцікі прэзентуюць яго праз гродзенскія славутасці.
“Бо коцікі гэта істоты якіх любяць амаль усе. Яны могуць прысутнічаць паўсюль і заўжды. Таму яны збіраюць легенды і распавядаюць іх тым, хто ўмее глядзець і слухаць”, – кажа Андрэй Несцяровіч.
Магніты ўжо можна прыдбаць у Этнакраме “Цудоўня”. Таксама крамя вядзе збор сродкаў на друк паштовак, якія ў будучыні плануюць распаўсюдзіць па розных гродзенскіх кропках.
Зрабіць перадзамову і прыдбаць набор паштовак можна па спасылцы:
https://epos.hutkigrosh.by/pay/pay?param=10248-1-kh8





