На месцы былой фабрыкі марожанага на вуліцы Гарнавых планавалі пабудаваць гмах на 20 паверхаў з жылой і грамадскай часткай. Але цяпер праект можа змяніцца.
Аб планах забудаваць тэрыторыю былой вытворчасці “Молочный мир” паведаміў летам 2018 года. Раней там планавалася пабудаваць 4-9 павярховыя будынкі, але фабрыка прапанавала ўзвесці элітнае жыллё з падземнай паркоўкай, панарамным ліфтам і назіральнай пляцоўкай, а таксама басейнам, офісамі, рэстаранам і іншымі пунктамі паслуг.

Чытайце таксама: А калі не зносіць? Што можна зрабіць з “Молочного Мира” на Гарнавых
Галоўны архітэктар Гродна Вольга Барэйка расказала “Гродзенскай праўдзе”, што перадпраектныя работы прайшлі ў «Гроднаграмадзянпраекце»: інстытут правёў унутраны конкурс, прапанаваныя эскізы былі акумуляваныя і разгледжаныя. “Гроднаграмадзянпраект” прапанаваў перанесці меркаваны гмах з тэрыторыі прадпрыемства бліжэй да скрыжавання ля філармоніі. Так ён будзе менш ціснуць на краявідныя кропкі горада. Таксама будынак панізілі з 20 да 14 паверхаў.
Прапанову ўхваліў інвестар, яго вынесуць на архітэктурна-горадабудаўнічы савет. У ім будуць удзельнічаць і прадстаўнікі землеўпарадкавальнай службы, паколькі стаіць пытанне пашырэння ўчастка пад забудову. Старая пляцоўка фабрыкі марожанага будзе задзейнічана пад добраўпарадкаванне, будаўніцтва парковак і падземнага паркінга.


