Гродзенец стварыў мабільную гульню, якая дапамагае вывучыць беларускую мову

Яўген Сліж з Гродна стварыў бясплатны дадатак Lemantar, з якім можна вучыць беларускую мову. Гульня з’явілася, каб перад школай навучыць чытаць старэйшага сына Сцяпана. Цяпер павучыцца могуць і іншыя дзеці. Цікавай яна будзе і дарослым, якія хочуць падцягнуць беларускую мову ці проста пабавіць час. Дызайн гульні распрацаваў Ілля Кравец з Мінску.

Дадатак змяшчае шырокі набор словаў з паўсядзённага жыцця: адзенне, ежа, жывёльны і раслінны свет, цела чалавека. Ён дазваляе даведацца значэнне слоў на беларускай мове, а таксама іх напісанне.

— Ідэя гульні ўзнікла летам, за некалькі месяцаў перад тым, як старэйшы сын Сцяпан пайшоў у школу. Натуральна, яна з’явілася з патрэбы навучыць сына чытаць, каб ён трошкі быў ужо падрыхтаваны да школьнага жыцця, — расказвае Яўген пра ідэю гульні.

Фота: play.google.com
Фота: play.google.com

Логіка гульні простая. Карыстальніку паказваецца слова і чатыры фотаздымкі, адзін з якіх адпавядае дадзенаму слову. Трэба выбраць гэты здымак. Словы сфарміраваны па невялічкіх міні-гульнях. Напрыклад, якія заканчаюцца на «А» ці ў якіх ёсць дзве «О» і гэтак далей.

За колькасць правільных адказаў удзельнік атрымоўвае балы-зорачкі, якія дазваляюць пераходзіць на новы ўзровень. Кожны ўзровень адпавядае пэўнай жывёле і ўтрымлівае невялічкі падарунак — вядомы беларускі выраз, прымаўку ці прыказку. Таксама ёсць магчымасць пагуляць у словы па пэўных тэмах: «Космас», «Дом», «Чалавек» і г. д.

Фота: play.google.com
Фота: play.google.com

Зараз у гульні 14 узроўняў, але гэта не ўзроўні па складанасці словаў, а больш як індыкатар праходжання гульні ў цэлым.

— Гульня перш за ўсё накіравана на дзетак, якія вучацца ці ўмеюць чытаць. Дарослым яна будзе таксама цікавай ды карыснай, асабліва тым, хто адчувае патрэбу падцягнуць узровень свайго слоўнікавага запасу па беларускай мове. Ды і проста пабавіць час гульня дапаможа, — кажа Яўген.

Некаторыя гродзенцы ўжо пагуляліся з дзецямі ў гульню і ацанілі яе. Вось што яны пішуць у каментарыях на Google Play.

«Добры дапаможнік для дзяцей па беларускай. Маёй дачцэ вельмі спадабалася. Усю навагоднюю ноч з сяброўкай гуляла!»

«Тое, што патрэбна нашым дзеткам, дзякуй за карысную гульню»

«Дзякуй за дадатак па вывучэнні тэматычнай лексікі па-беларуску!»

«Паспрабавала. Мне спадабалася гульня. Карысталася такой для вывучэння польскай мовы. Добра, што зараз ёсць такая гульня на беларускай мове! Паспрабуем з Матвеем»

Усе ацэнкі на Google Play — 5,0.

Фота: play.google.com
Фота: play.google.com

— Большасць водгукаў была станоўчая, гульня спадабалася дзеткам. Таксама было шмат карысных заўваг па словах і малюнках да іх, ды і памылкі не засталіся без увагі. Водгукі не толькі дазваляюць паляпшаць дадатак, але і дазваляюць зразумець, што праца была зроблена не дарма і надаюць сілаў працаваць далей, — кажа Яўген.

Ён дадае, што дадзеная версія гульні - толькі пачатак. Ёсць планы па паляпшэнні функцыянала і новых магчымасцях.

— З найбліжэйшага — зрабіць магчымасць гуляць без інтэрнэту, а таксама даць магчымасць удзельнікам самастойна дадаваць фотаздымкі да словаў, каб павялічыць колькасць словаў у гульні. Дадатак некамерцыйны і з адкрытым зыходным кодам, таму кожны можа прыняць удзел у яго паляпшэнні ці напаўненні. Планы ёсць яшчэ на некалькі дадаткаў, але з большасці яны накіраваны на іншую аўдыторыю.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025