У панядзелак 20 студзеня футбольны «Нёман» афіцыйна выйшаў з адпачынку. Да падрыхтоўкі да новага сезона пачало 22 футбаліста. Сярод іх гульцы леташняга складу, тыя, хто вярнуўся з арэнды і патэнцыйныя навабранцы.
Першая трэніроўка «Нёмана» ў 2020 годзе прайшла ў футбольным манежы. Адразу пасля адпачынку галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч правёў двухбаковую гульню, дзе моладзь адыграла супраць «старых».
У складзе зборнай «старых», разам з прадстаўнікамі трэнерскага штаба, па тайме адыгралі варатары Сяргей Курганскі і Дзмітрый Дудар. Сярод палявых гульцоў Валерый Жукоўскі, Аляксей Лягчылін, Гіоргій Кантарыя, Глеб Рассадкін, Артур Слабашэвіч і патэнцыйны пачатковец Андрэй Васільеў.
У складзе каманды моладзі супраць вопытных выйшлі варатары Артур Маліеўскі і Максім Шышлоў, палявыя гульцы Раман Вягера, Яўген Сакута, Павел Цеслюкевіч, Яўген Ляшко, Павел Забелін, Даніл Копач, Алег Мурачоў, Уладзіслаў Яцкевіч, Кірыл Карпенка, Ягор Хвалько, які вярнуўся з арэнды, і Дзмітрый Іваноў, які знаходзіцца на праглядзе.
Па выніку двухбакоўкі моладзь не пакінула сваім апанентам ніводнага шанцу на поспех. Пяць мячоў у складзе каманды забілі Павел Забелін, Яўген Сакута, Дзмітрый Іваноў і два Раман Вягера, які і адкрыў лік у гэтым матчы.
Патэнцыйныя навічкі
На першай трэніроўцы прымалі ўдзел два патэнцыйныя пачаткоўцы: Андрэй Васільеў (1992) — абаронца, выхаванец піцерскага «Зенита», які ў мінулым сезоне выступаў за «Тарпеда-Мінск» і «Гомель», і Зміцер Іваноў (1997), нападаючы, выхаванец віцебскай спартыўнай школы «Камсамолец», два апошнія сезоны гулец правёў у «Оршы».
Хто пакінуў «Нёман»
Гродзенскую каманду пакінулі: паўабаронцы Арцём Канцавы, Алег Еўдакімаў (перайшлі ў «Мінск»). Не было на першай трэніроўцы Андрэя Якімава, Міхаіла Бабічава і Максіма Лукашэвіча. Пакінулі табар гродзенцаў мексіканец Альберта Морын — перайшоў у «Карэкаминос» (Мексіка, Д2) і камерунец Жуніёр Атэменг — у Энергетык-БДУ. Што тычыцца аднаго з лідараў каманда Гульжыгіта Алыкулава, то інфармацыі пра паўабаронцу пакуль яшчэ няма. Але раней Кавалевіч заяўляў што Алыкулаў пакіне каманду.
Бліжэйшыя планы
Да ад’езду на традыцыйны турнір «Белазавец», які пройдзе ў Жодзіне, гродзенская каманда правядзе дома адзін таварыскі матч. У суботу, у футбольным манежы, гродзенцы прымуць «Гарадзею», якую трэніруе Алег Радушка. Матч пачнецца ў 16:00, уваход вольны.