Партал autogrodno.by правёў эксперымент — на чым у Гродне хутчэй дабірацца ў гадзіну-пік. Удзельнічалі машына, ровар, электрасамакат, гіраскутар і монакола. На ровары ехаў журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч.
14 студзеня, а 17:00 з пляцоўкі ГЦ «Карона» па праспекце Касманаўтаў стартавала 8 чалавек. Маршрут ішоў праз Румлёўскі мост, праспект Янкі Купалы і Стары мост — да кола агляду ў парку Жылібера. Уладальнік сайта autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч лічыць, што гэты маршрут для тэсту аптымальны: ён спалучае шырокія і вузкія дарогі, а таксама магчымасць усім карыстацца сваімі перавагамі. Калі аўтамабіль можа «злавіць» зялёную хвалю, то ўсе астатнія могуць скараціць цэлы кіламетр праз вуліцу Савецкую.
«Гарадзенскія веласіпедысты даўно распавядаюць пра камфорт двухколавага транспарту ў горадзе. У апошні час з’яўляецца ўсё больш сродкаў індывідуальнай мабільнасці, вакол якіх шмат размоў. Але іх статус у нас яшчэ не вызначаны: ці то пешаход, ці то ровар, — расказвае Міхаіл Кунцэвіч. — Нам хацелася высветліць, наколькі горад гатовы да розных сродках перамяшчэння. Я думаў, што аўтамабіль зойме другое месца з-за затораў, але ён апынуўся хутчэй за ўсіх. Далей быў ровар і монакола. Апошняе стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я лічу, за такім спосабам перамяшчэння будучыня».
Першым на фініш прыехаў Алег Адаменя на аўтамабілі. «Насуперак чаканням, я не патрапіў у вялікія коркі. Ехаў без грубых парушэнняў, але „прасіўся“ ў суседнюю паласу і праязджаў на міргаючае святло, да прыкладу. На свабодных участках трымаў максімальна дапушчальную хуткасць. Калі б не гэтыя абставіны, я б прыехаў крыху пазней. Магчыма, нароўні з другім удзельнікам».
Руслан Кулевіч, ехаў на веласіпедзе: «Большую частку дарогі я ехаў за хлопцам на монаколе. Не чакаў ад яго такога спрыту. Толькі ў цэнтры атрымалася яго апярэдзіць».
№ 1 — 17:28 — Audi Q7 — Алег Адаменя
№ 2 — 21:43 — Ровар — Руслан Кулевіч
№ 3 — 22:23 — Монвколв — Павел Альховік, 70 кг, GotWay Nikola Plus 100v
№ 4 — 25:11 — Монакола — Ігар Сушчэнка, 130 кг, KingSong KS-16X
№ 5 — 25:13 — Самакат — Яўген Шэйна (Segway Ninebot es2)
№ 6 — 25:14 — Самакат — Аляксей Зацягін (Segway Ninebot es2)
№ 7 — 28:04 — Самакат — Ян Алізар (Xiaomi M365)
№ 8 — 40:02 — Сегвэй — Артур Саркісян (Segway Ninebot mini pro)
Павел Альховік, ехаў на монаколе: «Я зусім не ведаю вашага горада. У абед з прадстаўніком АўтаГродна мы здзейснілі тэставую паездку. Я ведаў маршрут праз Віленскую, але не ведаў, як ехаць праз цэнтр, і крыху заблукаў».
Удзельнікі спаборніцтваў прызналіся, што для сродкаў індывідуальнай мабільнасці горш за ўсё ў Гродне падрыхтаваны дарожкі каля шклозавода. Скардзіліся і на Румлёўскі мост. А вось мінчук Ігар Сушчэнка бываў і ў Гродне, і ў іншых абласных гарадах Беларусі, таму можа параўнаць.
— Інфраструктуру Гродна я ацэньваю на ўзроўні інфраструктуры Мінска. У вас шмат заніжаных бардзюраў і добры тратуар. Мне падабаецца ездзіць па Гродне на монаколе. Але сярод беларускіх гарадоў для мяне на першым месцы Брэст — там наогул усё выдатна. Прыкметна адстае ад іншых Гомель, — кажа Ігар, інструктар па кіраванні монаколам.
Дарэчы, дыстанцыя ў 10 кіламетраў апынулася лімітавай для ўсіх, хто ехаў не на аўтамабілі. Веласіпедыст моцна стаміўся, а астатнія — змерзлі.
Заезды паказалі, што Гродна ўжо нядрэнна падрыхтаваны для ўсіх відаў індывідуальнай мабільнасці. Розніца ў 4 хвіліны паміж роварам і аўтамабілем нікчэмна малая.
Для зручнасці жыхароў і гасцей горада ў Гродне ўводзяць новую схему абмежавання руху мотатранспарту. Існуючая…
Мурал стварылі спецыяльна для "Музея Лідскага бровара". Убачыць яго можна падчас экскурсіі на піваварню 1876…
Мабільны комплекс радыяцыйнага сканавання купляюць на Беларускую АЭС. Удзельнікам закупкі можа быць юрыдычная або фізічная…
На Фолюшы з'явілася новая прапанова — трохпакаёвая кватэра ў жоўтых танах з таемным пакоем. Жыллё…
З аўкцыёну ў Гродне прадаюць мікрааўтобус Volkswagen Transporter. Ён належыць актывісту Ежы Грыгенча, завочна асуджанаму…
Блогерка пад нікам Tomchikcerberejus паказала хлеб, які яе дзіця купіла ў адной з гродзенскіх крам.…