Партал autogrodno.by правёў эксперымент – на чым у Гродне хутчэй дабірацца ў гадзіну-пік. Удзельнічалі машына, ровар, электрасамакат, гіраскутар і монакола. На ровары ехаў журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч.

14 студзеня а 17:00 з пляцоўкі ГЦ “Карона” па праспекце Касманаўтаў стартавала 8 чалавек. Маршрут ішоў праз Румлёўскі мост, праспект Янкі Купалы і Стары мост – да кола агляду ў парку Жылібера. Уладальнік сайта autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч лічыць, што гэты маршрут для тэсту аптымальны: ён спалучае шырокія і вузкія дарогі, а таксама магчымасць усім карыстацца сваімі перавагамі. Калі аўтамабіль можа “злавіць” зялёную хвалю, то ўсе астатнія могуць скараціць цэлы кіламетр праз вуліцу Савецкую.

“Гарадзенскія веласіпедысты даўно распавядаюць пра камфорт двухколавага транспарту ў горадзе. У апошні час з’яўляецца ўсё больш сродкаў індывідуальнай мабільнасці, вакол якіх шмат размоў. Але іх статус у нас яшчэ не вызначаны: ці то пешаход, ці то ровар, – расказвае Міхаіл Кунцэвіч. – Нам хацелася высветліць, наколькі горад гатовы да розных сродках перамяшчэння. Я думаў, што аўтамабіль зойме другое месца з-за затораў, але ён апынуўся хутчэй за ўсіх. Далей быў ровар і монакола. Апошняе стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я лічу, за такім спосабам перамяшчэння будучыня”.
Эксперымент на вуліцах Гродна: на чым хутчэй ехаць у гадзіну-пік?Шлях для аўтамабіля складаў 9 кіламетраў, а для ўсіх астатніх – 7,7 (за кошт маршруту праз Савецкую).

Першым на фініш прыехаў Алег Адаменя на аўтамабілі. “Насуперак чаканням, я не патрапіў у вялікія коркі. Ехаў без грубых парушэнняў, але “прасіўся” ў суседнюю паласу і праязджаў на міргаючае святло, да прыкладу. На свабодных участках трымаў максімальна дапушчальную хуткасць. Калі б не гэтыя абставіны, я б прыехаў крыху пазней. Магчыма, нароўні з другім удзельнікам”.

Руслан Кулевіч, ехаў на веласіпедзе: “Большую частку дарогі я ехаў за хлопцам на монаколе. Не чакаў ад яго такога спрыту. Толькі ў цэнтры атрымалася яго апярэдзіць”.

№1 – 17:28 – Audi Q7 – Алег Адаменя
№2 – 21:43 – Ровар – Руслан Кулевіч
№3 – 22:23 – Монвколв – Павел Альховік, 70кг, GotWay Nikola Plus 100v
№4 – 25:11 – Монакола – Ігар Сушчэнка, 130 кг, KingSong KS-16X
№5 – 25:13 – Самакат – Яўген Шэйна (Segway Ninebot es2)
№6 – 25:14 – Самакат – Аляксей Зацягін (Segway Ninebot es2)
№7 – 28:04 – Самакат – Ян Алізар (Xiaomi M365)
№8 – 40:02 – Сегвэй – Артур Саркісян (Segway Ninebot mini pro)

Павел Альховік, ехаў на монаколе: “Я зусім не ведаю вашага горада. У абед з прадстаўніком АўтаГродна мы здзейснілі тэставую паездку. Я ведаў маршрут праз Віленскую, але не ведаў, як ехаць праз цэнтр, і крыху заблукаў”.

Удзельнікі спаборніцтваў прызналіся, што для сродкаў індывідуальнай мабільнасці горш за ўсё ў Гродне падрыхтаваны дарожкі каля шклозавода. Скардзіліся і на Румлёўскі мост. А вось мінчук Ігар Сушчэнка бываў і ў Гродне, і ў іншых абласных гарадах Беларусі, таму можа параўнаць.

– Інфраструктуру Гродна я ацэньваю на ўзроўні інфраструктуры Мінска. У вас шмат заніжаных бардзюраў і добры тратуар. Мне падабаецца ездзіць па Гродне на монаколе. Але сярод беларускіх гарадоў для мяне на першым месцы Брэст – там наогул усё выдатна. Прыкметна адстае ад іншых Гомель, – кажа Ігар, інструктар па кіраванні монаколам.

Эксперымент на вуліцах Гродна: на чым хутчэй ехаць у гадзіну-пік?Удзельнікі былі здзіўлены здольнасцямі монакола. Узоры з нашых гонак маглі разганяцца да 60 км/г і абыходзіцца без падзарадкі 100 кіламетраў. Тэхніка перасягнула нашы чаканні.

Дарэчы, дыстанцыя ў 10 кіламетраў апынулася лімітавай для ўсіх, хто ехаў не на аўтамабілі. Веласіпедыст моцна стаміўся, а астатнія – змерзлі.

Заезды паказалі, што Гродна ўжо нядрэнна падрыхтаваны для ўсіх відаў індывідуальнай мабільнасці. Розніца ў 4 хвіліны паміж роварам і аўтамабілем нікчэмна малая.