У будынку былой пальчаткавай фабрыкі на Маставой, 31 з сярэдзіны студзеня пачало працу Dj Cafe. Уладальнікі абяцаюць новы для Гродна фармат.

Dj Cafe пазіцыянуе сябе ўвечары як дыска-бар і кактэйльны бар з пляцоўкай для дыджэяў і танцаў. Днём гэта будзе творчая пляцоўка, дзе можна праводзіць фотасесіі і розныя культурныя мерапрыемствы.

«Вырашылі запусціць гэты праект, таму што сутыкнуліся з праблемай: мне і таварышам няма дзе рэалізоўваць свае творчыя пачынанні, – распавядае адзін з заснавальнікаў Аляксандр Цывінскі (вядомы як DJ Botanik). – Гаворка пра творчасць у шырокім сэнсе слова, бо клубны прамоўшэн выходзіць за рамкі дыджэйства. Наша ўстанова – гэта новая прапанова гродзенскаму рынку адпачынку і забаваў. Праект будзе адрознівацца ад усіх астатніх у горадзе».

dj cafe мостовая маставаяdj cafe мостовая маставая

Кафэ займае падвальнае памяшканне з чатырох пакояў агульным памерам 200 квадратаў у будынку былой пальчаткавай фабрыкі. Гэта прамысловы будынак канца 19 стагоддзя.

«Калі да нас спускаешся, можна ўбачыць скляпенні, аркі і веліч старых гарадскіх падвалаў. Мы пастараліся зрабіць камфортную ўстанову з даступнымі коштамі. Музыка будзе гучаць розная: мы хочам адрознівацца ад іншых устаноў. Такой махрыстай папсы, якая ў нас у Гродне стала мэйнстрымам, дакладна не будзе. Гродна заўсёды быў у авангардзе розных культур і рухаў. Успамінаючы 1970-80-я – увесь рок з Захаду ішоў на Усход менавіта праз нас. А цяпер неяк наадварот. Таму прыйшоў час вярнуць былую веліч», – дадаў Аляксандр.

У Dj Cafe ў бліжэйшы час плануецца шэраг вечарынак. Бліжэйшая з іх – 16 студзеня ў 21:00. Уваход вольны.

Час працы:

ПН-ПТ – 18:00 – 02:00
ПТ-СБ – 18:00 – 05:00

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]