Нашы прадпрыемствы атрымліваюць ад дзяржавы велізарныя грошы на закупку разумнай тэхнікі. Але з-за безгаспадарчасці многія праекты вылятаюць у трубу, што пацвярджаюць праверкі КДК. Выпадкі, калі заводы, фабрыкі і саўгасы куплялі дарагое імпартнае абсталяванне, а потым альбо ўвогуле яго не ўсталёўвалі, альбо даводзілі да ручкі і здавалі на металалом, не адзінкавыя, пішуць Naviny.by.

З году ў год Камітэт дзяржкантролю фіксуе такія факты па ўсёй краіне. Сумы ўрону велізарныя, а гэта ж у літаральным сэнсе народныя грошы. Бяздзейнасць кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў часта пагаршаецца бяздзейнасцю чыноўнікаў, якія закліканы назіраць за іх працай, аказваць неабходную дапамогу.

«Загінулі» ўсе астранаўты

Парушальнік. Выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства «Саўгас «Вердамічы» Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Парушэнне. На малочна-таварным комплексе саўгаса ў 2012 годзе ўсталявалі 6 даільных робатызаваных установак «Астранаўт А3 некст» (Нідэрланды).

Гэтыя даільныя апараты прадпрыемства атрымала ў крэдыт па рэспубліканскай праграме развіцця малочнай галіны.

В.а. дырэктара саўгаса з ліпеня 2018 года па верасень 2018 года не прыняў мер, каб забяспечыць эфектыўную эксплуатацыю і правільнае тэхабслугоўванне абсталявання.

У выніку надоі і якасць малака знізіліся. Самі ўстаноўкі сапсаваліся і працаўнікі саўгаса іх часткова разукамплектавалі. Выкарыстоўваць даільных робатаў больш немагчыма, высветлілі кантралёры.

Малочны статак давялося перавесці на іншыя фермы.

Лічбы. Праз сем гадоў саўгас «Вердамічы» так і не разлічыўся па крэдыту за «астранаўтаў».

На пачатак траўня 2019 года рэшта крэдытнай запазычанасці складала каля 400 тысяч рублёў, пратэрмінаваныя працэнты — амаль 24 тысячы рублёў.

Доказная база. Праверка Ваўкавыскага міжраённага аддзела ўпраўлення ДФР КДК па Гродзенскай вобласці.

Прынятыя меры. У дачыненні да экс-кіраўніка саўгаса ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 425 КК «Бяздзейнасць службовай асобы».

Максімальнае пакаранне. Пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў са штрафам або без штрафу i з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Сухая, але ёмістая фраза: «Пры папушчальніцтве чыноўнікаў»

Парушальнік. Дырэктар прадпрыемства «Саўгас Смаргонскі» Гродзенскай вобласці.

Парушэнне. У 2009 годзе ў саўгасе скончылі будаваць малочна-таварную ферму на тысячу жывёламесцаў. Комплекс прыступіў да працы, але праз некалькі гадоў даільныя робаты адзін за адным сапсаваліся.

Як высветлілася, у 2013−2016 гадах кіраўнік саўгаса «пры папушчальніцтве чыноўнікаў Смаргонскага райвыканкама», як адзначае КДК, не забяспечыў належнае тэхабслугоўванне комплексу.

Рабатызаванае даільнае абсталяванне не рамантавалася і ў выніку цалкам зламалася — эксплуатацыі яно больш не падлягае.

Лічбы. На будаўніцтва фермы, а таксама закупку даільных апаратаў было выдаткавана 2,4 мільёна рублёў крэдытных рэсурсаў і 260 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту.

Доказная база. Праверка Лідскага міжраённага аддзела ўпраўлення ДФР КДК па Гродзенскай вобласці.

Прынятыя меры. У дачыненні да былога кіраўніка саўгаса ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 425 КК «Бяздзейнасць службовай асобы».