Толькі за два тыдні да рэалізацыі забароненыя 47 партый прадукцыі на агульную суму больш за 1 300 рублёў. У снежні Гродзенскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарту зафіксаваныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства пры рэалізацыі гірлянд. У адных выпадках сячэнне жылаў кабеля не адпавядала патрабаванням ДАСТа, у іншых — даўжыня кабеля паміж штэпсельнай вілкай і першым патронам для лямпаў, паведамляе rgazeta.by.
Тым самым не быў забяспечаны неабходны ўзровень абароны ад уздзеяння электрычнага току, што пры перагрузках, аварыйным рэжыме магло прывесці да надзвычайных сітуацый, адзначае намеснік начальніка абласной інспекцыі Галіна Гардзейчык. Акрамя таго, рэгулярна выяўляюцца факты рэалізацыі гірлянд без наяўнасці маркіроўкі і дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці. У большасці выпадкаў гаворка ідзе аб кітайскай прадукцыі, пры гэтым канкрэтны вытворца невядомы. Часцей за ўсё на ўпакоўцы проста значыцца «Made in China».
— Абавязкова патрабуйце ў прадаўца інструкцыю па эксплуатацыі тавару і сертыфікат адпаведнасці, — настойліва рэкамендуе субяседніца. — Небяспечныя і няякасныя гірлянды часцей за ўсё прадаюць на рынках і ў неспецыялізаваных гандлёвых кропках. Як правіла, яны распаўсюджваюцца ва ўпакоўках без інфармацыі на рускай мове або з мінімальнай інфармацыяй аб тавары і не маюць сертыфіката адпаведнасці.
Вытворца гірлянды абавязкова павінен паказаць у дакументах таварны знак, абазначэнне выраба і тэхнічныя характарыстыкі. На гірляндзе павінны быць напісаны краіна-вытворца і дата выпуску. Усю інфармацыю пакупнік можа параўнаць з сертыфікатам адпаведнасці. Прадавец абавязаны прадаставіць яго кліенту па першым патрабаванні.