З канцэрта ў Гродне 19 снежня пачаў  калядны марафон спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Сёлета ён прэзентаваў адмысловы дыск “На Каляды”, куды ўвайшлі лепшыя і новыя святочныя песні. На канцэрце прагучалі таксама іншыя  “стопрацэнтныя хіты” выканаўцы розных гадоў.

“Стоадсоткавыя хіты і музыка геніяльнага кампазітара”

Гэтым разам канцэрт Вайцюшкевіча нагадваў стэндап. Яркія жарты і развагі пра лірычных герояў перамяжалі музычныя нумары.

“Бяда беларускага стэндапа, што герой нашых гісторый – ён цнатлівы, прыстойны, ён не мацюкаецца. Ён увогуле брыдкіх словаў не кажа са сцэны. Таму што мы, беларусы, такія рамантычныя, летуценныя, жывем у нерэальным свеце”, –  казаў Вайцюшкевіч. Аднак гэту бяду Вайцюшкевічу ўдалося пераадолець.  Сапраўды, навошта ж са сцэны мацюкацца, калі можна проста прадставіць нумар “Музыка геніяльнага беларускага кампазітара – мая”.

Як падняць беларускую эканоміку, расказаў Зміцер Вайцюшкевіч на калядным канцэрце ў Гродне

Можа Вайцюшкевіч і думаў, што жартуе, называючы свае песні “стоадсоткавымі хітамі” але іх насамрэч усе добра ведалі і падпявалі. Так што частка песень гучала ў выкананні канцэртнай залі Цэнтра культуры Гродна. Адной з іх, ужо традыцыйна ў нашым горадзе,  была песня “Нёман”.

А за хуткі адказ на пытанне на засыпку “Куды буслы схавалі свае доўгія насы” адна з наведвальніц канцэрта атрымала падарунак ад спевака, дыск “Мой сябра анёлак”.

Як падняць беларускую эканоміку, расказаў Зміцер Вайцюшкевіч на калядным канцэрце ў Гродне
Паслухаць цалкам можна тут

Вайцюшкевіч ведае, як падняць беларускую эканоміку

Апроч калядных віншаванняў стэндап ад Вайцюшкевіча ўтрымліваў і антыкрызісную прапанову дзяржаўнага ўзроўню. Пасля поспеха “Году малой радзімы” спявак прапануе зрабіць “Год беларускага мужчыны”.

“Уяўляеце, у цэнтры Гродна расцяжка: “Беларускі мужчына – чысты аб’ект кахання”. Альбо “Ты – залаты”.  Мужчына пабачыць і падумае – во класна, ацанілі нарэшце. І пачне ад таго расці валавы ўнутраны прадукт, і абгонім мы тады, не пабаюся гэтага слова – Польшчу”.

Як падняць беларускую эканоміку, расказаў Зміцер Вайцюшкевіч на калядным канцэрце ў Гродне

Гродна да Калядаў гатовы

Песні з новага каляднага  альбома таксама прагучалі з гродзенскай сцэны – каб дакладна падрыхтавацца да святаў. Пажаданні ад спевака на Каляды –  “Каб сабраліся ўсе вашы дарагія людзі за святочнымі сталамі, каб сталы ламіліся ад крызісу, каб мама, тата, дзед, баба – ўсе плакалі ад шчасця. І каб вы усе былі багатыя і здаровыя”.

Як падняць беларускую эканоміку, расказаў Зміцер Вайцюшкевіч на калядным канцэрце ў Гродне


Зміцер Вайцюшкевіч спяваў у Гродне! Так і да “Славянскага базара” недалёка! (ёсць відэа)


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life