На днях міністрам унутраных спраў дадзены рэкамендацыі супрацоўнікам ДАІ максімальна арганізаваць папераджальную працу з удзельнікамі дарожнага руху і дыферэнцыравана падыходзіць да кожнага канкрэтнага выпадку. У аснове — добразычлівы падыход да парушальнікаў і разуменне з боку грамадзян неабходнасці выканання правілаў дарожнай бяспекі, паведамілі ў прэс-службе МУС.

— Меры адміністрацыйнага рэагавання ніхто не выключае. Калі грамадзянін наўмысна парушае ПДР і не рэагуе на заўвагу, метад гутаркі наўрад ці на яго падзейнічае. Мы не акрэсліваем кола парушэнняў правілаў дарожнай бяспекі, па якіх будзем рэагаваць шляхам складання пратаколу, — паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў. — Немагчыма пакінуць без увагі такія факты, як кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, праезд на чырвонае святло, непропуск пешахода і іншыя правапарушэнні, звязаныя з бяспекай грамадзян.

hrodna.life/2019/12/16/administratyiuka/

Акрамя гэтага, прадстаўнікі ведамства прымаюць удзел у перапрацоўцы адміністрацыйнага заканадаўства.

— На працягу бліжэйшага часу супрацоўнікі ДАІ і ўладальнікі дарог (Міністэрства транспарту і камунікацый, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам) правядуць рэвізію дарожных знакаў і з улікам дэталёвага аналізу здарэнняў, звязаных з парушэннем хуткасці руху, унясуць адпаведныя карэкціроўкі ў працу прыбораў па вымярэнні хуткасці, — паведаміў начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк.