У Ватыкане абнародавалі два рэскрыпты Папы рымскага Францішка. Адзін з іх тычыцца адмены «папскай таямніцы» у справах, звязаных з педафіліяй з боку духавнства, другі - змены касцёльнага заканадаўства па дзіцячай парнаграфіі.

«Папская таямніца» адмяняецца адносна заяў, судовых працэсаў і рашэнняў, якія тычыцца выпадкаў гвалту і ўчынкаў сексуальнага характару, здзейсненых пад пагрозай ці са злоўжываннем уладай і злоўжываннях у адносінах да непаўналетніх і ўразлівых асоб, дзіцячай парнаграфіі і ўтойвання такіх выпадкаў біскупамі ці кіраўнікамі манаскіх супольнасцей.

У новай інструкцыі ўдакладняецца, што абнародаванне інфармацыі павінна гарантаваць бяспеку, цэласнасць і канфідэнцыйнасць. Цяпер на асоб, якія паведамляюць аб злачынстве, з’яўляюцца ахвярамі ці сведкамі, «нельга накладаць абавязак захоўвання маўчання», паведамляе vaticannews.va.

«Папскую таямніцу» на выпадкі сэксуальнага гвалту з боку святароў увёў папа Бэнэдыкт XVI у 2001 годзе. Тады ў Ватыкане заяўлялі, што гэтыя меры неабходныя ў інтарэсах ахвяр гвалту і для абароны рэпутацыі падазраваных.

Другім двакументам павысілі ўзроставую мяжу, да якой парнаграфія лічыцца дзіцячай, з 14 гадоў да 18. Набыццё, захоўванне ці распаўсюджванне такіх выяў святаром называецца адным з самых цяжкіх злачынстваў.

Цяпер у справах адносна гэтых злачынстваў ролю «адваката і пракурора» могуць выконваць не толькі святары, але і свецкія, што маюць доктарскую ступень у галіне Кананічнага права.