Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ прызнаўся ў любові да прыроды і клопаце аб ахове навакольнага асяроддзя, перадае БЕЛТА. А яшчэ ўспомніў, як ён раіў высаджваць дрэвы ў Гродне.
Кіраўнік дзяржавы прыгадаў выпадак, калі наведваў Гродна, дзе старыя раёны патанаюць у зеляніне, а ў новых яе амаль няма. «Сорамна глядзець! Клетак панаставілі, і нідзе няма ні аднаго дрэва, ужо 7 гадоў мікрараёну. Я, вядома, вельмі раззлаваўся. Да восені яны ўсё высадзілі», — расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што калі прыйшоў да ўлады, убачыў варварскае стаўленне да прыроды, таму ў Беларусі была створана і працуе інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету. На асаблівым кантролі Прэзідэнт трымае пытанне выкарыстання зямель сельгаспрызначэння. «Мы павінны зберагчы тое, што нам дасталося ад нашых продкаў», — падкрэсліў ён.