Слесар, жыхар Ашмянаў, атрымаў смяротную траўму падчас рамонту канвеера. Абвінавачанаму 43 гады, ён жыхар Смаргоні. Справа разглядалася па другой частцы артыкула 306 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека».
Прысуд — 3 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права выконваць арганізацыйна-распарадчыя абавязкі тэрмінам на 4 гады. Па амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абвінавачваны часткова вызвалены ад асноўнага пакарання тэрмінам на 1 год.
Пра гэта распавяла kraj.by старэйшы памочнік пракурора Смаргонскага раёна Анастасія Чывіль, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе.
— У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што 23 мая ў цэху рамантавалі цягавы ланцуг канвеера. Для гэтага яго абясточылі, — распавядае Анастасія Чывіль. — Пасля рамонту абвінавачваны, інжынер-механік цэха, даў каманду ўключыць ток, каб зрабіць пробны пуск. Пасля гэтага ён заўважыў, што не пастаўлена на месца стопарнае кальцо. Трэба было зноў абясточваць канвеер. Ён гэтага не зрабіў, усталяваўшы кальцо без адключэння току. 22-гадовы слесар па рамонце абсталявання ў гэты момант збіраў інструменты на канвееры, які раптам запусцілі. Пацярпелага зацягнула пад лопасці.
Па словах Анастасіі Чывіль, хлопец атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія сталі прычынай смерці. Малады слесар памёр на месцы здарэння.
У судзе абвінавачваны цалкам прызнаў сваю віну.
Прысуд у законную сілу не ўступіў. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Гродзенскі абласны суд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.