Над фрагментамі Верхняй царквы ў Гродне знялі часовы кансервацыйны павільён. На гэтым месцы будуць праводзіць археалагічныя раскопкі, паведамляе «Радыё С**бода».
Працы з рэшткамі Верхняй царквы праводзяцца ў межах рэканструкцыі Старога замку.
Верхнюю царкву пабудавалі побач са Старым замкам у канцы XIII — сярэдзіне XIV стагоддзя. Яна стаяла над былой Ніжняй царквой XII стагоддзя, якая згарэла ў 1183 годзе.
Верхнюю царкву разабралі ў канцы XVI стагоддзя, калі Стары замак перабудоўвалі пры Стэфану Баторыі.
Ейныя руіны знайшлі падчас археалагічных раскопак у 1933 годзе. Каб дакапацца да Ніжняй царквы пад ёй, тады дэмантавалі часткі сцен Верхняй царквы, перанеслі іх бліжэй да каралеўскага палаца, змацавалі арматурай і бетоннай асновай, а зверху збудавалі драўляны ахоўны павільён. Адкрытага доступу да царквы з таго часу не было.
Так выглядаў часовы павільён над Верхняй царквой, пабудаваны ў міжваенны час польскімі спэцыялістамі ў двары Старога замка
Як расказаў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музею, які месціцца ў Старым замку, Юры Кітурка, часткі сцен Верхняй царквы перанясуць бліжэй да Ніжняй царквы, якая цяпер таксама схаваная пад павільёнам, і накрыюць навесам. На месцы, дзе рэшткі Верхняй царквы захоўвалася больш за 80 гадоў, будуць праводзіць археалагічныя раскопкі ў межах рэканструкцыі Старога замка. Больш пільна падмуркамі Верхняй і Ніжняй цэркваў зоймуцца падчас трэцяй чаргі рэканструкцыі Старога замка.
hrodna.life/articles/zamak-muzey/
Цяпер заканчваецца першая чарга, неўзабаве пачнецца другая — аднаўленне каралеўскага палаца.