У лістападзе ў Гродне адкрылася інтэрнэт-крама моладзевага адзення «Тутэйшыя». Каманда з некалькіх чалавек робіць вопратку з тэматычнымі прынтамі і прывязкай менавіта да Гродна і Гарадзеншчыны.

Стваральнікі кажуць, што «Тутэйшыя» — гэта лакальны брэнд вопраткі, заснаваны ў Гродне для жыхароў гэтага горада і яго гасцей, а таксама для тых, хто лічыць сябе тутэйшым.
У Гродне з'явіўся лакальны брэнд вопраткі "Тутэйшыя"

«Мы ствараем сучасную вопратку з мясцовым каларытам, напоўненную любоўю і павагай да роднага горада. Каложская царква, Фарны касцел, Стары і Новы замкі, Драматычны тэатр і амаль што кожная пабудова адзначанная „Гістарычная каштоўнасць“. Неверагоднай прыгажосці горад, разумныя і таленавітыя людзі свайго часу, …- усе гэта Гродна. Мы не падтрымліваем нацыяналістычныя погляды ва ўсіх іх праявах. Наш брэнд- сукупнасць самых цёплых пачуццяў да роднага краю», — распавялі стваральнікі.
У Гродне з'явіўся лакальны брэнд вопраткі "Тутэйшыя"

У брэнда «Тутэйшыя» ўжо ёсць сайт, але рэчаў для пакупак там яшчэ мала. Вядома, што маладая каманда сама шые вопратку і стварае прынты.

«Наколькі нам вядома, у Гродне нічога падобнага няма. Наша ідэя ў тым, каб павялічыць цікавасць жыхароў да гісторыі горада і наогул у цэлым да сваёй малой радзімы. Зараз многія прывыклі лаяць сваё і хваліць чужое. Хочам паказаць, што ў нас таксама шмат усяго класнага. Гэта ж крута ганарыцца сваім паходжаннем, сваім горадам. Будзем у гэтым дапамагаць жыхарам Гродна. Напрыклад, у нас ужо сцікеры распрацаваны, каб звярнуць увагу на гістарычных асобаў, важных для горада. Плануем рабіць асобныя пасты дадаткова пра кожны сцікер (кожную асобу), таму што многія ўвогуле не ведаюць гэтых людзей», — дадаў адзін з стваральнікаў брэнда Радзівон Карповіч.

https://www.instagram.com/p/B4peO2aKsZs/

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life