Дату выдачы біяметрычных пашпартоў у Беларусі зноў змянілі, паведамляе T*T.BY. Першапачаткова планавалася ўвесці іх у студзені 2019, пазней — у студзені 2020.— Па тэхнічных прычынах тэрміны, хутчэй за ўсё, перанясуцца, — сказаў карэспандэнту T*T.BY намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка. — Ведамства узгадняе пэўныя пытанні.
Над пераходам на ID-карткі ў Беларусі працуюць у МУС, Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі, Нацыянальным цэнтры электронных паслуг, Дэпартаменце дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў. Дакументы таксама павінны прайсці экспертызу ў ICAO (International Civil Aviation Organisation — заўв. аўтара). Таму замена папяровых пашпартоў на біяметрычныя — пытанне комплекснае.
Плануецца, што ID-картка будзе выглядаць як звычайная крэдытка. На ёй дзве фатаграфіі — каляровая і чорна-белая. Як толькі карткі запрацуюць у нашай краіне, улады пачнуць перамовы з іншымі дзяржавамі, каб беларусы маглі падарожнічаць з гэтым дакументам. Дакладная дата запуску біяметрычных пашпартоў будзе вядомая ў снежні 2019 г. Абяцаюць, што ў 2020 г. яны дакладна з’явяцца.