Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя масмедыі” падвяла вынікі штогадовага конкурсу рэгіянальных СМІ Беларусі. Hrodna.life атрымаў на ім 7 дыпломаў, у тым ліку за самы лепшы сайт, а таксама за найлепшыя гістарычныя матэрыялы і сацыяльны рэпартаж.
У тройку фіналістаў намінацыі “Найлепшы сайт” акрамя Hrodna.life патрапілі таксама Ex-Press.by (Барысаў) і Intex-Press.by (Баранавічы).

Руслан Кулевіч перамог у намінацыя “Гісторыя”: журы ацаніла яго цыкл успамінаў пажылых гродзенцаў пра Гродна ў 1930-40-х, частка тэкстаў з якога выйшла асобнай кнігай у канцы 2018. У снежні 2019 з’явіцца працяг кнігі – да 28 лістапада можна заказаць яе са зніжкай на Ulej.by.

Ірына Новік атрымала дыплом за найлепшы сацыяльны рэпартаж – тэкст пра Вольгу Вялічку, дырэктарку Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Вольга часта дае інтэрв’ю аб працы ўстановы, але для Hrodna.life пра маму-дырэктарку расказала яе сям’я: муж Сяргей і дзеці – Міша і Радаслава.

Журналісты Hrodna.life траплялі таксама ў фіналісты некалькіх намінацый:
Уладзімір Аплевіч – “Найлепшы матэрыял на тэму экалогіі”
Руслан Кулевіч – “Найлепшая сацыяльная акцыя” і “Краязнаўства”
Ірына Новік – “Найлепшы матэрыял на беларускай мове”

Што такое Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы
Заснаваная ў 2009 годзе, аб’ядноўвае 15 недзяржаўных прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія ў межах сваёй вытворчай дзейнасці выдаюць больш за 20 рэгіянальных масава-палітычных выданняў. Галоўная мэта — развіццё асяродку, спрыяльнага для прыватнага выдавецкага бізнесу. Асацыяцыя дапамагае зносінам i абмену досведам незалежных выдаўцоў; спрыяе развіццю рынку рэгіянальных друкаваных CMI; развівае кадравы патэнцыял рэгіянальных кампаній праз рэалізацыю кансультатыўных i трэнінгавых праграм.
У Асацыяцыю ўваходзяць: “Борисовские новости”, “Брестская газета”, “Бобруйский курьер”, “Вечерний Бобруйск”, “Вольнае Глыбокае”, “Ганцавіцкі час”, “Газета Слонімская”, Intex-Press, “Інфа-Кур’ер”, “Информ-прогулка”, “Наша слова”, “Рэгіянальная газета”, Hrodna.life, Ex-Press.by, “УзГорак”.

