У краме “Адметнасць” з’явіліся елачныя цацкі з Пагоняй, беларускім арнаментам і олдскульнымі ўзорамі. Набыўшы іх, вы падкрэсліце сваю беларускасць і дапаможаце фірме, дзе працуюць людзі з інваліднасцю.

– Мы і ў мінулым годзе таксама замаўлялі такія цацкі. У гэтым годзе пашырылі асартымент. Мы былі нацэлены менавіта на гэтых вытворцаў, – кажа Сяргей Верамеенка, гаспадар крамы.

“Грай” – гэта якасная прадукцыя са шкла, у большасці выпадкаў гэта ручная праца. Акрамя таго, большасць супрацоўнікаў там – людзі з інваліднасцю. “Рады былі дапамагчы фірме, якая стварае ўмовы для працы людзей, для якіх не стварае нармальныя ўмовы для жыцця дзяржава”, – кажа Сяргей.

Елачныя цацкі зробленыя са шкла і расфарбаваныя. На некаторых ёсць ляпніна. Некаторыя зроблены ў тэхніцы “штамп”. Прадстаўлена і тэхніка “ф’юзінг” – плюшчанае шкло.

елачныя цацкі з Пагоняй

Кошт – ад 6 да 25 рублёў. За 25 вы атрымаеце вялікі шар ручной працы. Сяргей кажа, што пры акуратным абыходжанні цацкі праслужаць доўга. На цацках, акрамя нацыянальных сімвалаў, ёсць “настальгічныя” ўзоры, падобныя на ўзоры з 70-х і 80-х.

елачныя цацкі з Пагоняй, крама Адметнасць

– Каб усе бачылі, – тлумачыць Сяргей, навошта вешаць на ёлку цацкі з Пагоняй. – Таму што будуць прыходзіць госці і казаць: “класна, у нас таксама Пагоня вісіць”. Або “клас, давайце і мы такое сабе зробім”. Зноў жа, чарговае пазначэнне нашай тоеснасці, каб паказаць, што мы беларусы, гэта нашыя традыцыя і мы гэтым ганарымся.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life